Нам патрэбныя адказы, а не СМС з малюнкамі: колькі маракоў загінула на "Маскве"
Крэйсер "Масква" гарыць пасля пападання ракет / @ua_industrial / twitter
Расійскі крэйсер "Масква" затануў пасля атакі ўкраінскімі ракетамі "Няптун". Адбылося гэта яшчэ на мінулым тыдні: пра тое, што судна атакаванае, стала вядома ўвечары 13 красавіка, на наступны дзень расійскае Мінабароны сцвярджала, што ўзгаранне на крэйсеры "лакалізаванае", а сам ён "захоўвае плывучасць". І ўжо ўвечары, 14 красавіка, прызнала: "Масква" пайшла на дно. Пры гэтым ні пра якія ахвяры сярод экіпажа расійскія ўлады не заяўлялі: камандаванне сцвярджала, што маракі эвакуяваныя "ў поўным складзе". Цяпер відавочна, што гэта не так — расказваем пра сведчанні родных загінулых, зніклых без вестак і параненых.
"Караблю і маракам"
Цырымонія развітання з караблём прайшла ў Севастопалі 15 красавіка. Там прысутнічалі ветэраны расійскага ваенна-марскога флоту і святар. Былі і жалобныя вянкі, на адным з якіх — надпіс "караблю і маракам". Чаму там напісана "і маракам", калі экіпаж "эвакуяваны ў поўным складзе", афіцыйна ніхто не тлумачыў.
16 красавіка Мінабароны РФ паказала кадры сустрэчы галоўнакамандуючага ВМФ Мікалая Яўменава з маракамі. На відэа налічваецца толькі каля сотні маракоў. Пры гэтым, як паведамляла са спасылкай на свае крыніцы "Медуза", на борце было каля пяці сотняў чалавек. Дзе астатнія — зноў жа, ніхто не тлумачыў.
Сваякі салдат тэрміновай службы б'юць у набат
Ніякай інфармацыі пра ахвяр сярод экіпажа "Масквы" не было і ў сваякоў тых, хто служыў на крэйсеры. Адным з першых трывогу ў сацыяльных сетках падняў жыхар Ялты Дзмітрый Шкрабец: без вестак знік яго сын. Незадоўга да інцыдэнту з суднам Дзмітрый публікаваў ва "УКантакце" допісы ў падтрымку, як яе называюць расійскія ўлады, "спецаперацыі". А 17 красавіка напісаў (пунктуацыя захаваная):
"Мой сын: Шкрабец Ягор Дзмітрыевіч, быў прызваны на тэрміновую ваенную службу з горада Ялта, 2 ліпеня 2021 года. Быў размеркаваны ў г.Севастопаль і пасля курса маладога байца паступіў на службу на флагман ЧФ ракетны крэйсер "Масква". Паступіў на пасаду "карабельны кок" служба забеспячэння. Уночы з 13.04 на 14.04 адбылася трагедыя, праўду пра якую нам яшчэ трэба будзе даведацца, афіцыйнае паведамленне мін.абароны гаворыць, што на караблі адбыўся пажар і здэтанаваў боекамплект. Паведамілі што ўвесь экіпаж эвакуяваны. Гэта хлусня! Нахабная і цынічная хлусня!"
Дзмітрый паведаміў, што яго сын — салдат тэрміновай службы быў унесены ў спіс зніклых без вестак. Упор мужчына робіць менавіта на тое, што Ягор — "салдат тэрміновай службы, які не павінен быў прымаць удзел у баявых дзеяннях".
Пазней Дзмітрый Шкрабец паведаміў пра тое, што з ім на сувязь выйшлі бацькі іншых салдат тэрміновай службы, якія таксама зніклі без вестак пасля таго, як "Масква" патанула. У сябе ў сацыяльных сетках ён публікуе вытрымкі з перапісак з імі і перадае інфармацыю ад менш "медыйных" сваякоў.
"Вось перапіска брата аднаго са зніклых хлопцаў з крэйсера "Масква" з нам.кам.дывізіі Бугорскім. Людзям спачатку паведамілі што матрос жывы, праз дзень паведамілі што знік без вестак. А сёння, пасля таго, як мы з імі пісалі заяву ў ваенкамат, паведамілі што ён загінуў", — напісаў Шкрабец вечарам 18 красавіка.
Аб'яднаныя пры дапамозе Шкрабца бацькі пісалі заяву ў ваенным камісарыяце Сімферопаля.
"Нам патрэбны пісьмовыя адказы на нашы пытанні пра знаходжанне нашых дзяцей, а не СМС з малюнкамі і пажаданнямі маліцца", — заявіў мужчына.
Зніклі ці загінулі
Ні колькі людзей уваходзіла ў экіпаж "Масквы" ў дзень атакі, ні тым больш пра колькасці пацярпелых і выратаваных Мінабароны РФ да гэтага часу не кажа. Разам з тым некалькі выданняў паведамляла пра тое, што там было каля 500 чалавек. Пра тое ж кажуць і сваякі членаў экіпажа.
Праект "Схемы" пагаварыў з маці аднаго з матросаў, якія атрымалі раненне. Яна пераказала размовы з ім: ён ведае пра сорак загінулых.
"Па яго [сына. — Еўрарадыё] словах, загінулі ўсе, хто быў на палубе, у рубцы, хто кіраваў крэйсерам, хто быў на вахце, таму што ўдар адбыўся якраз па палубе. Ёсць параненыя з адарванымі канечнасцямі", — расказала журналістам жанчына.
"Медуза" са спасылкай на крыніцы паведамляла пра тое, што каля ста членаў экіпажа атрымалі раненні. Ці былі яны на відэа сустрэчы з кіраўніцтвам ВМФ, незразумела. Адкрытае пытанне: што яшчэ з некалькімі сотнямі чалавек?
Зніклыя без вестак салдаты тэрміновай службы, імёны якіх ужо ўстаноўлены, зусім маладыя: Леанід Савін пайшоў на службу адразу пасля школы, Мікіту Яфрэменку і Андрэю Цываву — па 19 гадоў, Сяргею Грудзініну — 21. Мама Андрэя Цывава, Юлія, расказала "Медузе", што "чалавек 200-300" на караблі былі менавіта салдаты тэрміновай службы.
Сваякам тых, хто знік без вестак, ніякай канкрэтыкі не кажуць. А ў тых, чые родныя знойдзеныя загінулымі, інфармацыі не больш.
Загінулыя (не) афіцыйна
Мінабароны не прызнае ахвяр, але пра загінулых паведамляюць сваякі. Так, у "Аднакласніках" пра гібель мужа, 41-гадовага мічмана Івана Вахрушава, напісала Варвара Вахрушава. Пасля цікавасці з боку журналістаў яна закрыла свае старонкі ў сацыяльных сетках, але перад гэтым паспела сказаць, што зніклых без вестак нібыта 27 чалавек.
Яшчэ адзін загінулы — 21-гадовы старшы матрос Віталь Бегерскі. Яго імя расійскаму выданню "Агентство" назвала стрыечная сястра. Як сказаў знаёмы марака, Бегерскі нёс вахту дазорным на правым борце крэйсера. Цётцы Віталя пра гібель паведамілі ў Мінабароны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.