"Нам тут да Беларусі 3 кіламетры": як жывуць украінцы ў памежным сяле
Вёска Пішча
Амаль у кожнага жыхара ўкраінскай вёскі Пішча ёсць сваякі ў Беларусі, і яны працягваюць іх наведваць. Вёска знаходзіцца ўсяго за тры кіламетры ад бліжэйшага населенага пункта ў Беларусі. Украінскае выданне" Суспільне" распавяло, чым жыве суседняя з Беларуссю Валынь.
Мясцовая жыхарка Галіна Занюк кажа, што адчувае, як "зямля рухаецца", калі ў Беларусі праводзяць вучэнні. Яна паўжыцця пражыла на вуліцы Берасцейскай — цяпер яе перайменавалі ў вуліцу Лесі Украінкі, але шыльду на доме яшчэ не паспелі памяняць.
"Нам тут да Беларусі 3 кіламетры. Па пакупкі мы не ведалі, як гэта, ездзіць у Ковель або Луцк (бліжэйшыя украінскія гарады — Еўрарадыё). Мы ездзілі заўсёды на Берасце", — распавядае Галіна.
Яна плануе паехаць у Беларусь, бо там жыве яе родны брат. Ён хварэе, і сястра хоча яго наведаць.
Калі б можна было паехаць у Беларусь "па прамой", то Галіна сустрэлася б з братам ужо праз паўгадзіны. Але праз вайну пункты пропуску закрытыя, і давядзецца ехаць праз Польшчу з некалькімі перасадкамі.
"Гэта нават смешна. Брат жыве ў Камароўцы за 15 кіламетраў ад нас. Я еду ў Любомль, а там маршруткі ходзяць у польскі Хелм, а там ужо перавозчык возіць. Гэта ўсё грошы. На дарогу прыйдзецца выдаткаваць арыентыровачна 200 долараў", — распавядае жанчына.
Ад дома спадарыні Галіны да Брэсцкага ваеннага палігона — каля 50 кіламетраў.
"Не ведаем, што ў іх у галаве. Але, я думаю, што наша ўлада, вайскоўцы гэта ўсё кантралююць. Калі б пагроза была, то ўжо б нас эвакуявалі", — кажа мясцовы жыхар Пётр Мегель.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.