Народ — за рэформы, а Лукашэнка — за дысцыпліну?
"Што дапаможа палепшыць стан справаў у эканоміцы?" — такое пытанне задаюць гледачам у ток-шоў "Справа прынцыпу" тэлеканала АНТ 26 верасня. І нечакана 88% гледачоў (7,5 тысяч чалавек) ставяць на рэформы, 12% (каля 1 тысячы) абіраюць дысцыпліну.
А вось словы прэзідэнта пра рэформы (на нарадзе 16 лютага 2016 года):
"Мне вашы рэформы зусім не патрэбныя, тыя, якія вы прапануеце! Мы павінны стварыць нармальнае жыццё для людзей, функцыянавання дзяржавы і нашага грамадства — вось што трэба. А то замест хлеба хочаце людзям даць нейкую рэформу! Таму спыніце гэтую балбатню! Рэформы, якія ідуць насуперак таму курсу, які мы з вамі разам абяцалі народу, непрымальныя!"
Пра дысцыпліну Аляксандр Лукашэнка таксама раз-пораз узгадвае. Напрыклад, падчас праграмнага паслання да народа і парламента 21 траўня:
"Элементарнае навядзенне парадку, выкананне дысцыпліны, тэхналагічных патрабаванняў, выразная арганізацыя работ павінны даць сур'ёзны штуршок для пераадолення адставання".
У перадвыбарчай праграме кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнка таксама няма ніводнага слова “рэформа”.