Нават мэр быў "за": валанцёрка "Сумленных людзей" прайшла ва УВК у Наваполацку
Ганна Кажамяка / vk.com
З дзвюх тысяч валанцёраў ініцыятывы "Сумленныя людзі" ў беларускія ўчастковыя выбарчыя камісіі прайшлі толькі два. Адна з тых, хто на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года будзе лічыць бюлетэні, — новапалачанка Ганна Кажамяка. Дзяўчына расказала Еўрарадыё, як ёй гэта ўдалося.
Збірала подпісы ў людзей на вуліцы
Ганна прызнаецца, што сама вельмі здзіўленая станоўчаму рашэнню па яе заяве. Дзяўчына працуе ў камерцыйнай арганізацыі галоўным бухгалтарам, а таксама з'яўляецца ІП і аказвае паслугі па бухуліку. Дакументы для вылучэння ва УВК — аўтабіяграфію са звесткамі пра вучобу і работу і подпісы — новапалачанка сабрала ўсяго за адзін дзень.
Ганна Кажамяка: У пятніцу я адважылася на гэта ўсё, а ў нядзелю быў ужо апошні дзень падачы дакументаў. У суботу я прайшлася па суседзях, але мала хто быў дома, бо выхадны! Таму я проста выйшла на вуліцу і пыталася ва ўсіх, хто быў у маім раёне. Казала, што хачу быць іх прадстаўніком ва УВК, сумленна лічыць галасы і каб нас ніхто не падманваў. За гадзіну сабрала неабходныя подпісы.
Еўрарадыё: А чаму вы ўвогуле вырашылі вылучацца?
Ганна Кажамяка: Зараз адчуваецца, што ў Беларусі ёсць нейкая адсунутасць грамадства ад урада. Большасць людзей апалітычныя, і я таксама раней была далёкая ад палітыкі. А дарма: адгалоскі палітычных рашэнняў усюды: і ў цэнах, і ў даходах, і ў якасці нашага жыцця. Таму мне захацелася даведацца працэс выбару прэзідэнта маёй краіны асабіста. Падштурхнулі таксама шматлікія гісторыі пра тое, што выбары ў нашай краіне фальсіфікуюць. Потым я даведалася пра "Сумленных людзей" з інтэрв'ю Віктара Бабарыкі. Таксама мае сябры абмяркоўвалі гэтую тэму не раз, вось я і зацікавілася.
"У сэнсе вы не ад арганізацыі? Дык вам нельга!"
Ганна Кажамяка падавала дакументы ў выбарчы ўчастак №5 Наваполацка на вуліцы Школьнай. Заявы разглядалі на вочным пасяджэнні. Дзяўчына вырашыла прыйсці туды і паназіраць за працэсам. Гэта выклікала вялікае здзіўленне ў работнікаў участка:
— Мяне адразу на ўваходзе спыталі: "З якой Вы арганізацыі?" Я ім адказваю, што я не з арганізацыі, а падавала дакументы самастойна. На гэта мне кажуць: "У сэнсе? Дык вам нельга!" Гэтая жанчына кудысьці пайшла ўдакладняць. Потым ужо ў спісе пазначылі, што я вылучаюся ад грамадзян, — апісвае сітуацыю Ганна.
Дзяўчына кажа, што на яе ўчастак прэтэндавалі 19 чалавек, а патрабавалася 16, таму быў конкурс і кожную заяву камісія разглядала асобна. Галасавалі аднагалосна. Толькі да яе кандыдатуры ўзніклі пытанні.
Ганна Кажамяка: Сказалі, што, хутчэй за ўсё, досведу ўдзелу ва УВК у мяне няма. Але паколькі я там прысутнічала, жанчына з камісіі прапанавала задаць мне пытанні. Распытваць мяне пачаў мэр горада Дзмітрый Дзямідаў. Ён спытаў, што мяне падштурхнула, ці разумею я ўсю адказнасць, ці змагу сумяшчаць з працай... Яны прывыклі выбіраць людзей, у якіх ужо ёсць досвед у гэтай справе.
Еўрарадыё: Як вы іх пераканалі, што гатовыя?
Ганна Кажамяка: Не ведаю, як так выйшла! Я была вельмі пазітыўна настроеная, усміхалася... Сказала, што хачу, каб людзі паверылі ў празрыстасць выбараў. Намякнула, што веру ў іх сумленнасць і хачу астатнім гэта даказаць. Выглядала бяскрыўдна, напэўна!
У выніку кандыдатура Ганны Кажамяка набрала тры "супраць" і пяць "за". За яе вылучэнне прагаласавалі Дзмітрый Дзямідаў і двое яго намеснікаў.
"Набудзеце для сябе новы вопыт. Чакаем ад вас аддачы!" — так сказаў мне мэр. Я, шчыра кажучы, шакаваная, што ў Беларусі толькі два чалавекі з "Сумленных людзей" прайшлі ва УВК", — гаворыць Ганна.
Сябры ўчастковых камісій лічаць галасы, праводзяць пасяджэнні, загадзя атрымліваюць пустыя бюлетэні, звяраюць спісы выбаршчыкаў, арганізуюць запрашэнні прыйсці на ўчастак і рыхтуюць яго да галасавання. Іх могуць вызваліць ад працоўнай дзейнасці ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў з захаваннем заробку.
За выкананне абавязкаў на ўчастку ў вольны час сябрам камісіі плацяць за фактычна адпрацаваныя гадзіны, зыходзячы з каштарысу выдаткаў для ўчастковай камісіі.
Парушэнні пры падліку галасоў, калі яны будуць, Ганна Кажамяка абяцае фіксаваць усімі магчымымі спосабамі, звяртацца ў вышэйстаячыя інстанцыі і паведамляць грамадскасці. Нездарма ж яна ўдзельнічае ў ініцыятыве, якая называецца "Сумленныя людзі"!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.