Навошта на Вадохрышча асвячаюць ваду, калі яна ў гэты дзень і так святая?
Вадохрышча / Еўрарадыё
Ужо некалькі гадоў на Вадохрышча ў лазнях Палаца воднага спорту ў Мінску — аншлаг. Вернікі прыходзяць сюды менавіта ў гэты дзень, каб папарыцца і акунуцца ў адкрыты басейн з вадой, якую асвячае праваслаўны бацюшка. Але, быццам бы, на Вадохрышча ўся вада — святая?
Еўрарадыё стала цікава, колькі каштуе асвяціць ваду ў лазні і ці можна паклікаць бацюшку, напрыклад, у прыватную саўну.
"На Вадохрышча асвячаецца менавіта вада. Асвячаць можна ўсё: хоць лазню, хоць кватэру, — дзівіцца бацька Міхаіл з Мінскага кафедральнага сабора. — Няма такога, каб святар прызначаў за гэта нейкую цану. Гэта ж царква, а не камерцыйная арганізацыя. Кошт — гэта вашы асабістыя ахвяраванні".
Па словах святара, выклікаючы бацюшку асвячаць лазню, трэба разумець, навошта вам гэта: "Калі людзі робяць гэта, каб пасмяяцца: маўляў, мы асвяцілі лазню — а потым займаюцца там бог ведае чым, то навошта? Бывае, напрыклад, што чалавек багаты, не ведае, куды грошы падзець, дзіцячым садам не дапамагае, а будуе сабе палацы..."
Святар папярэджвае, што, калі хто-небудзь хоча асвяціць прыватную лазню, звяртацца лепш альбо да Вадохрышча, альбо ўжо пасля. 19 студзеня ўсе будуць занятыя: асвячаецца вада, шмат хростаў.
Дарэчы, у праваслаўі сапраўды лічыцца, што наогул уся вада падчас Вадохрышча становіцца святой. Навошта ж тады асвячаць яе дадаткова?
"Навукоўцы не могуць растлумачыць чаму, але, калі святар чытае над вадой асаблівую малітву, асвячае яе крыжам, яна пачынае дзейнічаць па-іншаму, — расказвае айцец Міхаіл. — Напрыклад, у адной сям'і дзіця пастаянна плакала, не магло заснуць. Яму далі такую ваду, і яно супакоілася. Вадохрышчанская вада працуе не толькі ў дзень Вадохрышча, а гадамі.
Але шмат што залежыць ад таго, як людзі жывуць. Калі яны сварацца, няправільна выхоўваюць дзяцей, як можа спалучацца агонь і вада?"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.