Назіральнікаў АБСЕ ў нашай краіне не жадае бачыць… апазіцыя

130306_eurafokus.mp3

Напярэдадні леташніх парламенцкіх выбараў місію БДІПЧ АБСЕ ў Мінску сустрэлі словамі: “Лепш бы вы не прыязджалі!”. Прычым гэта былі словы не старшыні Цэнтравыбаркама Лідзіі Ярмошынай ці яе намесніка Мікалая Лазавіка, якія неаднаразова выказваліся ў немэтазгоднасці прысутнасці міжнародных назіральнікаў на нашых выбарах, — а… часткі лідараў апазіцыі!

Лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў не выключае, што такія ж словы прадстаўнікі міжнароднай назіральніцкай місіі могуць пачуць і падчас заўтрашняй сустрэчы з апазіцыяй.

Уладзімір Някляеў: “Ёсць у апазіцыі такое меркаванне, што прысутнасць БДІПЧ АБСЕ бессэнсоўная і непажаданая. АБСЕ нават абвінавачвалі калі не ў наўпроставай змове з рэжымам, то — у садзейнічанні ягонай легітымізацыі. Зараз паўстае тое самае пытанне: “Што рабіць АБСЕ на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года?”.

Маўляў, вынікі выбараў усё адно будуць сфальсіфікаваныя, а таму — няма патрэбы ў гэтых выбарах удзельнічаць ні АБСЕ, ні апазіцыі.

Уладзімір Някляеў: “Ім таксама не хочацца, каб на іх плявузгалі, што яны садзейнічаюць рэжыму, і яны хочуць дазнацца, што ж мы збіраемся рабіць. Дык вось кампанія “Гавары праўду!” збіраецца ўдзельнічаць, як мінімум, у выбарах у мясцовыя саветы, а да выбараў 2015 года кампанія будзе выпрацоўваць стратэгію крыху пазней — зыходзячы з вынікаў мясцовых выбараў”.

Палітык заўважае, што БДІПЧ не трэба звяртаць увагі на заклікі байкатаваць выбары. Прыедуць назіральнікі СНД, якія ўсё прызнаюць сумленным і дэмакратычным.

Еўрарадыё ўзгадала: не прыязджаць на выбары місію БДІПЧ АБСЕ заклікаў лідар АГП Анатоль Лябедзька. Ён і сёння прытрымліваецца такога ж меркавання: калі выбарчае заканадаўства не будзе змененае ў лепшы для апазіцыі бок, ні ўдзельнічаць у выбарах, ні назіраць за імі няма сэнсу. Праўда, пакуль гэтага еўрапейскім гасцям беларускі палітык казаць не будзе.

Анатоль Лябедзька: “Яны павінны зафіксаваць сённяшні стан сітуацыі і давесці да кіраўніцтва Парламенцкай асамблеі АБСЕ, да міністраў замежных спраў краін-АБСЕ, што іх пракідваюць, выціраюць ногі”.

Фота: 5min.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі