"Не дурыце галавы". На што трацяцца грошы, якія КДБ выбіваў з беларусаў
Куды ідуць грошы, выбітыя з беларусаў?
Летась КДБ выбраў новую тактыку пакаранняў за данаты — перавод грошай на рахунак сацыяльнай установы або арганізацыі аховы здароўя.
На што ідуць гэтыя немалыя сумы і якім чынам іх трацяць? Еўрарадыё патэлефанавала ў некаторыя з іх з мэтай даведацца падрабязнасці.
"Грошы трацілі на рамонт школы"
Пад выглядам чалавека, які перавёў на рахунак дзяржарганізацыі немалую суму, перш-наперш журналіст Еўрарадыё патэлефанаваў у "Мсціслаўскую спецыяльную школу-інтэрнат".
Паводле інфармацыі "Зеркало", толькі ў 2024-м ДУА "Мсціслаўская спецыяльная школа-інтэрнат" атрымала больш за 120 000 долараў "дабрачынных ахвяраванняў". У бухгалтэрыі нам расказалі, што ўсе грошы пайшлі на рамонт. Няўжо ўсе 120 тысяч?
Па інтанацыі і пытаннях, якія задавала супрацоўніца, склалася ўражанне, што яна наогул не ў курсе якіх-небудзь добраахвотных ахвяраванняў.
— Ну мы наогул грошы трацілі на рамонт школы. Дагавор мы ж з вамі не заключалі, правільна? Вы так проста ад фізасобы паклалі, ці правільна я разумею? Так, мы рабілі рамонт школы.
— А як гэта можна праверыць?
— Звычайна, калі мы складаем дамовы, то мы даем справаздачу аб выкарыстанні сродкаў.
— А прыехаць і паглядзець я магу?
— Калі ласка, як сабе хочаце, я думаю, кіраўнік не супраць будзе. Ну, вось летам мы зрабілі рамонт у спальных пакоях для дзяцей, у кабінеце лагапеда. Працы нам рабілі падрадныя арганізацыі. А вы менавіта фізасоба, так? Ну, калі нейкія пытанні ў вас ёсць, то лепей, вядома ж, пад'язджайце.
“А чаму я павінна паверыць, што вы нам нешта пералічвалі?”
Яшчэ адна арганізацыя, куды КДБ прымушаў беларусаў пераводзіць грошы, — РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Тут не адмаўлялі, што грошы паступалі на іх рахунак, але настойліва прасілі назваць імя і прозвішча для "праверкі інфармацыі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.