Не Горватам адзіным: чым Купалаўскі здзівіць гледачоў у 100-м сезоне
3 верасня Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы адкрывае юбілейны 100-ы сезон. Спектаклем адкрыцця традыцыйна стане “Паўлінка”, якая ідзе ў Купалаўскім амаль 80 гадоў. Напярэдадні новага сезона дырэктар Купалаўскага Павел Латушка распавёў, што ў юбілейным сезоне рыхтуе праект па гісторыі тэатра, экскурсіі па тэатру і адукацыйную праграму для школьнікаў. А яшчэ гледачы змогуць глядзець спектаклі не толькі на сцэнах тэатра, але і онлайн.
Уласны часопіс, адукацыйная праграма і опэн-эйр
Адзін з праектаў прысвечаны гісторыі тэатра. Гледачам раскажуць, хто ствараў спектаклі ў мінулым праз пастаноўкі фрагментаў п’ес з удзелам сучасных акцёраў. Таксама ў тэатры будуць ладзіць экскурсіі. Ахвотныя змогуць зазірнуць за кулісы і пахадзіць па творчых цэхах Купалаўскага.
Праект “Літаратура і тэатр” на камернай сцэне прадставіць сучасную беларускую літаратуру. Рэжысёр Раман Падаляка расказаў Еўрарадыё, што марыць, каб са сцэны загучалі словы не толькі Андруся Горвата (спектакль “Радзіва Прудок”), але і Віктара Марціновіча, Святланы Алексіевіч, Альгерда Бахарэвіча ды іншых беларускіх аўтараў.
Латушка расказаў, што плануе зацікавіць падлеткаў тэатральным мастацтвам праз праект “Купалаўскі адкрывае сэрцы”.
“Таксама мы прапануем спецыяльную адукацыйную праграму для школьнікаў, — кажа дырэктар Купалаўскага. — Мэта — фарміраванне і развіццё творчых здольнасцяў вучняў, аналітычнага і творчага мыслення, выхаванне любові да літаратуры, тэатра, беларускай мовы; стымуляванне творчага самавыяўлення”.
Павел Латушка адзначыў, што тэатр працуе над выданнем уласнага часопіса, дзе можна будзе пачытаць пра дзейнасць Купалаўскага, а таксама іншых замежных тэатраў. Што праўда, зараз тэатр не мае права займацца выдавецкай дзейнасцю, таму не выключна, што прыйдзецца падымаць пытанне змянення закона.
У новым сезоне створаць дакументальныя стужкі, прысвечаныя Купалаўскаму тэатру, з’явяцца тэлевізійныя ролікі з выкарыстаннем архіўных матэрыялаў.
“Мы распачалі новы праект “Музычныя вечары ў Купалаўскім”. Яго прадпрэм’ера адбылася ў ліпені, будзем яго працягваць, — кажа дырэктар. — Таксама пройдзе шэраг урачыстых мерапрыемстваў. Запрашаем усіх 21 верасня ў Аляксандраўскі сквер на опэн-эйр, дзе адбудзецца прэзентацыя-інаўгурацыя сотага сезона нашага тэатра. У чэрвені 2020 года ў Мінску каля Ратушы пройдзе Дзень Купалаўскага тэатра. Мы ўжо дамовіліся з уладамі сталіцы”.
“Тутэйшыя”, ”Мой Шагал” ды іншыя пастаноўкі
У снежні ў Купалаўскім адбудзецца прэм’ера спектакля “Кароль Лір” рэжысуры мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна. У студзені 2020 года тэатр пакажа пластычную пастаноўку “Мой Шагал” вядомага расійскага рэжысёра Сяргея Зямлянскага. Культавы спектакль “Тутэйшыя”, які ў 1992 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі і які шмат гадоў не паказвалі, стане самай чаканай пастаноўкай у новым сезоне.
Таксама ў чэрвені 2020-га плануецца аднаўленне спектакля “Ідылія” паводле твора Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У канцы 2019 года рэжысёр Раман Падаляка прадставіць на камернай сцэне доўгачаканую пастаноўку з назвай “1” / “Першы”. Яна будзе створана ў жанры вербацім паводле аднайменнай п’есы, напісанай Раманам Падалякам і Міхаілам Зуем.
“Галоўным для нас будзе асоба, якая стварае тэатр, і асоба, якая яго наведвае, — адзначыў Латушка. — Наша сучасная стратэгія — умацаванне беларускасці: беларускага слова, беларускай літаратуры, драматургіі, беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці”.
У новым сезоне лепшыя спектаклі тэатра можна будзе глядзець онлайн. Трансляцыі будзе арганізоўваць партнёр Купалаўскага — кампанія А1.
У 2020 годзе Купалаўскі адкрые трэцюю сцэну
Сёння спектаклі Купалаўскага можна глядзець на галоўнай і камернай сцэнах. Але тэатр плануе налета адкрыць і малую сцэну на вуліцы Энгельса. Стадыя “А” праекта ўжо перададзеная на папярэдняе ўзгадненне ў Мінгарвыканкам. Рамонт плануецца распачаць у снежні.
Таксама на працягу ўсяго сезона найбольш запатрабаваныя пастаноўкі будуць паказвацца ў Доме афіцэраў.
“Мы будзем пашыраць прастору праз гастрольную дзейнасць, — кажа Павел Латушка. — Мы апрацавалі папярэднюю мапу нашых гастроляў па Беларусі, і яна будзе дапрацоўвацца. Спектаклі адбудуцца ў Брэсце, Гродне, Слоніме, Салігорску, Бабруйску, Маладзечне, Баранавічах ды іншых гарадах. Канешне, будзем пашыраць мапу і нашых замежных гастроляў. 29 верасня са спектаклем “Пінская шляхта” мы накіруемся ў Беласток, дзе пражывае вялікая колькасць беларускай этнічнай меншасці і запатрабавана беларуская культура. Мы падпісалі кантракт з нашымі партнёрамі ў Парыжы. У снежні бягучага года там будзе прадстаўлены спектакль “Ураджай”.
Дырэктар Купалаўскага кажа, што тэатр спрабуе дамовіцца аб гастролях у Варшаве, Любліне, Кіеве, Мадрыдзе, Вільнюсе, Вене, Маскве і Пецярбургу.