"Не хочацца вярнуцца ў 90-я". Рэпетытары патрабуюць лічыць ЦТ па-старому
Фота: chgiki.ru
Рэпетытары патрабуюць перагледзець новую методыку падліку вынікаў ЦТ у Беларусі. У праекце звароту , апублікаваным сааўтарам адукацыйнага парталу "Народны падручнік" Сяргеем Альшэўскім, сазаснавальнік цэнтра "100 балаў" Яўген Лівянт заклікае Міністэрства адукацыі стварыць простую і зразумелую сістэму, якая дазволіць ацаніць, ці гатовы ўчорашні школьнік стаць студэнтам.
Для гэтага, па словах рэпетытара, кожнаму заданню ЦТ павінна адпавядаць пэўная колькасць балаў так, каб у суме атрымалася 100. Пры гэтым "кошт" кожнага задання павінен адпавядаць складанасці задання, бо "менавіта так ацэньваюцца кантрольныя і экзаменацыйныя работы ў школах".
"Ці спадзяюся я, што чыноўнікі прыслухаюцца да гэтых просьбаў, мне сказаць цяжка, — кажа Еўрарадыё Яўген Лівянт. — Мне здаецца, у людзей, якія маглі распрацаваць новую методыку ацэньвання вынікаў ЦТ, праблема з IQ. Можна паспрабаваць выказаць здагадку, што зробіць у такой сітуацыі разумны і адказны прафесіянал. Як павядзе сябе недалёкі дылетант, калі аказалася, што яго праца зробленая дрэнна, прыносіць вялікую колькасць праблем, і пры гэтым ўзгодненая, я не ведаю.
Магу толькі прапанаваць не марнаваць час на падлік грошай, якія зарабляюць рэпетытары, а накіраваць энергію на тое, каб неяк выйсці з гэтай сітуацыі. Тое, што можна зрабіць, выкладзена ў звароце".
Згодна з новымі правіламі, кожнаму тэставаму заданню прысвойваецца свой бал. Абітурыент будзе ведаць яго загадзя і зможа сабе дазволіць зусім не брацца за некаторыя заданні. Таксама балы можна будзе атрымаць нават за часткова правільны адказ. Старая методыка такога не прадугледжвала.
Яўген Лівянт перакананы, новая методыка не дазваляе аб'ектыўна ацаніць веды абітурыентаў. Ён лічыць, што правілы памянялі, каб штучна завысіць вынікі ЦТ і прахадныя балы ў ВНУ, і так адказаць на крытыку беларускай сістэмы адукацыі.
З тэксту зварота: "Анансуючы змены, кіраўнікі Мінадукацыі і РІКВ абяцалі, што кожнаму заданню будзе адпавядаць загадзя вядомая колькасць балаў. Гэтая прапанова выклікала пазітыўную рэакцыю ў школьнікаў, іх бацькоў і абітурыентаў, бо ў гэтым выпадку методыка падліку стала б зразумелай і справядлівай, у адрозненне ад зусім незразумелай папярэдняй. Больш за тое, такая методыка адпавядала б школьнай сістэме выстаўлення адзнак па пісьмовых работах, а значыць, сумаванне сярэдняга балу атэстата і вынікаў ЦТ стала б лагічным (у папярэдняй сістэме сумавалі сярэдні бал атэстата і рэйтынгавую адзнаку ЦТ, што з'яўляецца абсурдам з пункту гледжання логікі). У рэальнасці новая методыка апынулася зусім іншай. У заданнях часткі "А" за ўсе задачы налічваецца па 1 бале, а ў заданнях часткі "В" па 2 балы, а затым сума гэтых балаў невядомым чынам ператвараецца ў нейкі фантастычны рэйтынгава-бальны вынік".
Што адказвае Міністэрства адукацыі?
У інтэрв'ю БелТА дырэктар РІКВ Юрый Міксюк тлумачыць, што новыя правілы заснаваныя на "сусветным вопыце":
"Дзеючая методыка апрацоўкі вынікаў ЦТ зарэкамендавала сябе добра. Яна вельмі эфектыўна ранжуе абітурыентаў па ведах, параўноўваючы іх паміж сабой. Аднак сёння ўзнікае новая задача, якая патрабуе не проста ранжавання, але і максімальна дакладнага, наколькі гэта магчыма, ацэньвання ведаў выпускнікоў школ. Гэта патрабуе ўдасканалення методыкі.
Мы вывучаем сусветны вопыт. Адной нейкай агульнапрызнанай і прынятай методыкі ў свеце не існуе. Хтосьці выкарыстоўвае простыя методыкі, хтосьці вельмі складаныя. Важна, каб абраная методыка знайшла разуменне ў грамадстве, для гэтага яна павінна быць простай і эфектыўнай у выкананні абедзвюх функцый — ацэньвання і ранжавання. Якая менавіта будзе абраная ў нас, казаць яшчэ рана. Трэба ўсебакова ацаніць методыку, адпрацаваць яе. Толькі пасля гэтага можна ўкараняць. Стаіць задача на этапе рэпетыцыйнага тэставання 2019 года адпрацаваць выбраную методыку. Пасля гэтага яна зможа быць выкарыстаная ўжо і ў цэнтралізаваным тэставанні.
У любым выпадку, самі тэставыя заданні наўрад ці сур'ёзна зменяцца. Сёння яны маюць пяць узроўняў складанасці і дазваляюць дастаткова добра ацэньваць веды абітурыентаў любога ўзроўню падрыхтоўкі".
Адрэагаваў на крытыку і супрацоўнік прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі Беларусі Андрэй Лазуткін. Праўда, у сваім артыкуле для сайта imhoclub.by ён больш піша не пра новую методыку падліку балаў на ЦТ, а пра Яўгенія Лівянта. Па словах Лазуткіна, рэпетытар, "дэманструючы свой паўднёвы тэмперамент", спрабуе нажыцца на сітуацыі, бо "чым ніжэйшы сярэдні бал, тым вышэй ва ўжытку цэняцца паслугі рэпетытара".
"Людзям, якія лічаць, што я — нягоднік, які толькі і думае, як зарабіць, надурыць няшчасных абітурыентаў, хачу адказаць — ідзіце вы ў ср*** (можаце так напісаць), — рэагуе на гэта Яўген Лівянт. — Нейкае дэбільнае ўяўленне пра рэпетытараў, настаўнікаў. Усё, чаго мы хочам — гэта, каб не вярнуліся страшныя 90-я гады, калі на ўступных экзаменах у ВНУ была суцэльная карупцыя. Вельмі не хочацца вярнуцца ў той час".