Не правасуддзе, а судзілішча правых: цётка Сцяпана Латыпава пра 8,5 года калоніі

Сцяпан Латыпаў і вожык / сацсеткі
Сцяпан Латыпаў і вожык / сацсеткі

"Я вельмі ўдзячная людзям, якія адкрылі свае сэрцы і дазволілі сабе так палюбіць зусім незнаёмага чалавека. І я ведаю, што Сцяпан таксама сказаў бы ўсім дзякуй за гэтую падтрымку. Ён марыць, каб беларусы жылі ў свабоднай краіне", — кажа Еўрарадыё Галіна Латыпава.

16 жніўня, праз 11 месяцаў пасля затрымання на Плошчы Перамен, суд у Мінску прысудзіў яе пляменніка Сцяпана Латыпава да васьмі з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Мужчыну абвінавацілі ў стварэнні дваровага тэлеграм-чата і майстэрні па вырабе пратэставай сімволікі; у супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні 15 верасня 2020 года, а таксама як дырэктара кампаніі "Беларба" — "ва ўвядзенні ў зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай ахове раслін". Латыпаў не прызнаў віны ні па адным з трох крымінальных артыкулаў, якія яму паставілі ў віну.

Галіна Латыпава была адной з нямногіх, каму дазволілі прысутнічаць на судовых пасяджэннях па справе пляменніка, таму мы папрасілі яе падзяліцца сваімі ўражаннямі ад працэсу і прысуду.

Не правосудие, а судилище правых: тётя Степана Латыпова про 8,5 года колонии
Галіна Латыпава / архіў

Галіна Латыпава: Я была практычна на ўсіх пасяджэннях і хачу сказаць, што ўсё гэта было неяк злеплена. Дзяржабвінаваўца і суддзя гаварылі ў маску, было вельмі шмат незразумелага. Мы пярэчылі, але нашых пярэчанняў ніхто не слухаў і не хацеў слухаць. Я лічу, што пасяджэнні праходзілі на даволі сярэднім узроўні.

Еўрарадыё: У час аднаго з пасяджэнняў Сцяпан пракалоў горла асадкай, сказаўшы, што сілавікі могуць прыйсці да яго родных і суседзяў. У якім стане ён знаходзіўся пасля гэтага?

Галіна Латыпава: Сцяпан трымаўся вельмі стойка і моцна. Але вы самі разумееце, што, знаходзячыся ў такіх умовах, у якіх ён быў на працягу 11 месяцаў, нервы могуць не вытрымліваць. Яны не вытрымлівалі і ў нас. І ў нас былі зрывы.

На адным з пасяджэнняў, калі суддзя другі раз чамусьці стаў пракручваць адно і тое відэа ягонага затрымання, Сцяпан кінуўся на шкло. Ахоўнікі, да якіх ён быў прыкаваны, такога, вядома, не чакалі і разляцеліся ў розныя бакі.

Але я рэакцыю разумею: гэта вельмі нізка і подла, калі здзяйсняецца такое правасуддзе.

Такое ўражанне, што гэта ў двукоссі правасуддзе смакуе ўсю негатыўшчыну і неяк хоча паказаць сваю сілу, якой, калі на тое, няма. Лічыцца вялікай слабасцю прыкрывацца правасуддзем у двукоссях.

Еўрарадыё: Вы гаворыце пра сітуацыю, калі высветлілася, што з чэрвеня мінулага года праслухоўваліся тэлефонныя размовы Сцяпана? Пачуўшы, што іх запісы будуць прайгравацца ў судзе, Латыпаў кінуўся на сцяну клеткі з крыкам "Ды што ж вы робіце, пачвары?". Гэта былі нейкія асабістыя размовы?

Галіна Латыпава: Рэакцыя была на паўторны запіс ягонага затрымання, якое здарылася, калі яшчэ быў жывы Раман Бандарэнка. На запісе — яго суседзі. Вось таму ён так адрэагаваў. Што да тэлефоннага праслухоўвання і запісу размоў — гэта незаконна. Ніякіх падстаў іх рабіць няма ў адносінах ні да кога ў гэтай краіне. Але гэта правасуддзе ў двукоссях. Не правасуддзе, а судзілішча правых.

Так, былі прыватныя размовы, якія зусім не маюць дачынення да справы.

Напярэдадні Сцяпан перадаваў праз адваката ўсім прывітанне. Казаў, што ўсіх любіць, трымаецца добра і каб усе трымаліся таксама.

Еўрарадыё: Што вы адчуваеце цяпер і што будзеце рабіць далей?

Галіна Латыпава: Я, напэўна, не змагу адказаць на гэтае пытанне. Гэта як спытаць у бацькоў, што яны адчуваюць, калі іх дзіця пасадзілі ў турму. Вось гэта я і адчуваю, што майго пляменніка, якога я вельмі люблю, ні за што проста ўзялі і пасадзілі. Проста камусьці захацелася так зрабіць. Гэта як раней у Расіі былі паказальныя смяротныя пакаранні і лупцоўкі. І вядома, я кіплю ў абурэнні. Што далей? Я буду проста чакаць свайго пляменніка.       

Еўрарадыё: Можа, ёсць магчымасць аспрэчыць рашэнне суда?

Галіна Латыпава: Мне нават спатканні з ім не дазволілі. Суддзя не падпісала дазволы на спатканне, хоць такая практыка ёсць. Што я магу пра гэта думаць? Нават агучваць не буду. Так што такія справы.

Еўрарадыё: Вы адчуваеце, што ўся гэтая гісторыя паўплывала на ваша ўласнае светаадчуванне і ўспрыманне сітуацыі ў Беларусі?

Галіна Латыпава: Вядома, на многае адкрыліся вочы. Асабліва апошнім часам.

 

***

У верасні 2020 года Сцяпана Латыпава забралі з Плошчы Перамен, калі ён папрасіў сілавікоў, якія прыехалі ў двор, паказаць дакументы.

Мужчына вельмі любіць вожыкаў, лячыў дрэвы, ратаваў краіну ад атрутнага баршчэўніка, займаўся прамысловым альпінізмам, чытаў лекцыі ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, змагаўся за праўду. Цяпер ён сядзіць у турме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі