“Не прымушайце нас плаціць за ваша няўменне кіраваць эканомікай!”

“Мы патрабуем адмяніць гэты дэкрэт, таму што ён наўпрост парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, Канвенцыю №29 аб прымусовай або абавязковай працы”, — гаворыцца ў электроннай петыцыі. Па стане на раніцу суботы 11 красавіка, петыцыю падпісала ўжо амаль 9000 беларусаў, колькасць такіх людзей пастаянна павялічваецца. Пры гэтым значная частка падпісантаў яшчэ і тлумачыць прычыны ў каментарах пад петыцыяй. Еўрарадыё сабрала найбольш характэрныя з іх.

Марыя Таранава, Ліда

“Гэта прамое парушэнне правоў чалавека! У нас ёсць права на працу, а не абавязак, чаму нехта павінен купляць сабе права не працаваць? Чаму муж павінен плаціць за жонку, якая сядзіць дома і займаецца гаспадаркай, з тых грошай, што ўжо абкладзеныя падаткам? Пры гэтым кожны чалавек, які хоць нешта купляе ў гэтай краіне, плаціць падатак. Таму апраўдваць Канстытуцыяй ўвядзенне гэтага збору — поўнае бязмежжа і чарговы плявок ўлады ў твар народа”.

Ксенія Сівак, Віцебск

“Я падпісваюся, таму што наогул ах…..!!! Скарачаць працоўныя месцы і тут жа ўводзіць дэкрэт аб дармаедстве, пра што яны ўвогуле думаюць?!?!?!”

Юлія Салтруковіч, Целяханы

“Я не разумею, за што павінна плаціць жанчына, якая сама выхоўвае 7-гадовага сына. Што мне дала дзяржава? І чаму я ёй нешта павінна? На сённяшні дзень я не атрымліваю ніякай дапамогі, працую за 130 долараў і праз 3 месяцы трапляю пад скарачэнне — у выніку я буду яшчэ нешта выплачваць дзяржаве. За што?! Не разумею”.

Марк Заваротчанка, Мінск

“Прадпрыемствы на трохдзённы тыдзень пераходзяць, работнікаў у неспадзяваны "адпачынак" адпраўляюць, зарплаты толькі на паперы трымаюць ўзровень, а ў рэале зрэзаныя па самыя.... Гэты дэкрэт падобны на калектывізацыю, калі "аддай усё ці раскулачым" .Чыноўнікам трэба ПРАЦАВАЦЬ лепш, а не адымаць грошы ў людзей пад любой падставай”.

Андрэй Болатаў, Мінск

“Нават калі чалавек не працуе, ён усё роўна плаціць падаткі, купляючы тавары, у кошт якіх уключаны акцызы і ПДВ. Значыць, пакупнік у любым выпадку ўдзельнічае ў эканамічным жыцці дзяржавы. Калі нехта не плаціць падаходны падатак, злавіце яго і прымусьце заплаціць, а не проста бярыце грошы з усіх за нейкі сумнеўны клопат дзяржавы аб людзях. Гэтага клопату ў "сацыяльна арыентаванай" дзяржаве відаць усё менш, затое ўсё больш відаць пабораў і парушэнняў правоў і свабод грамадзян. Не прымушайце грамадзян расплачвацца за сваё няўменне кіраваць эканомікай. Цярпенне беларусаў не з'яўляецца бязмежным”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі