Neuro Dubel 10 красавіка прэзентуе свой “самы хуткі альбом”

10 красавіка Neuro Dubel прэзентуе свой новы, 17 па ліку альбом "На Марс!". У дадзены момант музыкі завяршаюць студыйную працу над лонгплэем.

"Гэта самы хуткі альбом у нашай гісторыі, — смяецца Аляксандр Кулінковіч. Ён будзе даволі рытмічны і агрэсіўны, вясёлы і задорны. Калі хацелася мацюкацца, мы мацюкаліся, ніякіх слоў не замянялі. Гэта вельмі танцпольны альбом. У ім ёсць некалькі песень, на якіх людзі будуць рукі-ногі ламаць на танцполе, адназначна. Асабліва на песні пад назвай "Сельпо". А ўвогуле, ёсць на альбоме некалькі рэчаў, якія крыху выбіваюцца са стылі Neuro Dubel, хоць альбом сапраўды прыпанкаваны, у нашым духу. Але ёсць тут рэальна трэшавая песня, а ёсць дыска. Але, мяркую, будзе забаўна. Кожны знойдзе для сябе нешта сваё".

Новы альбом Neuro Dubel складуць у асноўным рускамоўныя кампазіцыі. Магчыма, у яго ўвойдзе вядомы фэнам беларускамоўны трэк "Папараць-кветка" на словы Уладзіміра Караткевіча. Загалоўная ж "На Марс!" будзе спявацца па-беларуску з прыпевам "Рушымся на Марс!":

""На Марс!" — пафасная песня, у якой мы выкарыстоўваем слова, якога ні існуе не ў беларускай, ні ў рускай мовах. Але нам усім вельмі падабаецца гэтае слова: "рушымся" — нешта сярэдняе паміж "рушым", "двигаемся" і "разрушаем". Мы параіліся з беларускамоўнымі таварышамі, а яны сказалі, што гэта выдатнае слова, няма чаго на некага азірацца".

Прэзентацыя альбома адбудзецца на афіцыйным сайце Neuro Dubel і на іншых рэсурсах, у тым ліку на сайце Еўрарадыё.

Канцэртная прэзентацыя кружэлкі пройдзе 10 красавіка ў мінскім клубе Re:Public. Падчас яе можна будзе набыць новыя цішоткі Neuro Dubel і новы падвойны DVD з запісам юбілейнага канцэрта, прысвечанага 25-годдзю гурта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі