Незалежным прафсаюзам дазволілі ў Мінску правесці мітынг на Першамай
Мінгарвыканкам дазволіў Беларускаму кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) правесці мітынг 1 траўня, у Дзень працы. Акцыя пройдзе ў Кіеўскім скверы сталіцы з 14.00 да 16.00. Пра гэта арганізацыя паведаміла ў сацыяльных сетках.
У сваім каментары з гэтай нагоды кіраўнік БКДП Аляксандр Ярашук заявіў, што незалежныя прафсаюзы выйдуць не святкаваць дзяржаўнае свята Дзень працы, а адзначаць Міжнародны дзень салідарнасці рабочых.
"Гэты Дзень выпакутаваны рабочымі многіх краін, шчодра паліты іх крывёю, і мы лічым блюзнерствам ператвараць яго ў дзяржаўнае свята, як гэта зроблена ў Беларусі. У гэты дзень мы маем намер заявіць пра свае патрабаванні да ўладаў пра неадкладную змену сацыяльна-эканамічнай палітыкі, якая асудзіла многіх нашых суграмадзян на беднасць і жабрацкае існаванне, прыняцце неадкладных мер па павышэнні даходаў, заработнай платы і пенсій грамадзян", — патлумачыў прафсаюзны лідар.
Па яго словах, удзельнікі мітынгу запатрабуюць неадкладна адмяніць дэкрэт №29 аб пераводзе ўсіх занятых у эканоміцы на тэрміновыя працоўныя кантракты, дэкрэт №5, які ўзаконьвае сістэму неабгрунтаваных і празмерных пакаранняў работнікаў, дэкрэт №1, які ўводзіць прымусовую працу ў краіне.