“Нічога не ведаю, званіце ў Мінкультуры”: Як працуе Дэкрэт “аб дармаедах”
Еўрарадыё паспрабавала разабрацца, ці трэба сябрам саюзаў пісьменнікаў плаціць падатак за “дармаедства”, і не змагло гэтага зрабіць.
“Ці існуе які-небудзь спіс творчых саюзаў, сябраў якіх вызваляюць ад выплаты падатку? Напрыклад, у Беларусі ёсць два пісьменніцкія саюзы. Дастаткова сяброўства ў любым з іх?” — пытае падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА Ганна з Мінска.
Спрабуем дапамагчы ёй знайсці дакладны адказ на простае пытанне.
Валерый Кавалькоў, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны:
“Па дадзеных пытаннях рэкамендуем звярнуцца ў Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі”.
Міністэрства культуры:
“Абодва саюзы пісьменнікаў — афіцыйна зарэгістраваныя арганізацыі. Аднак мы не можам сказаць, ці вызваленыя іх сябры ад выплаты падатку. Раім вам звярнуцца ў падатковую службу альбо да кіраўнікоў саюзаў”.
Мікалай Чаргінец, кіраўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі:
“Я, шчыра кажучы, яшчэ не чытаў сам Дэкрэт. Толькі ў інтэрнэце бачыў. Але я думаю, што ад падатку трэба вызваліць і сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў, і сябраў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Так будзе справядліва”.
Барыс Пятровіч, кіраўнік Саюза беларускіх пісьменнікаў:
“Ведаеце, мне і самому гэта цікава. Пакуль я нічога не ведаю і не магу вам адказаць. Да нас ніхто падчас стварэння тэксту Дэкрэта не звяртаўся”.
Міністэрства інфармацыі, юрыдычны аддзел:
“У нас гэтага дакумента яшчэ ніхто не бачыў, у нашы базы ён пакуль не ўключаны. Адпаведна, і дапаўненняў з тлумачэннямі да яго няма і быць не можа пакуль. Таму мы не можам вам нічога патлумачыць”.