“Нічога не змянілася. Ні-чо-га” — як працуюць канторы займаў пасля 1 жніўня
Указ Лукашэнкі аб “дзейнасці мікрафінансавых арганізацый” не паўплываў на крэдыты пад 2% за дзень.
“Вам патрэбная даведка аб прыбытках. І крэдытная гісторыя. Гэтыя даведкі патрэбныя на любую суму. Цяпер іх ужо паўсюль патрабуюць”, — расказвае прыемны дзявочы голас са слухаўкі.
Званю па нумары, знойдзеным на рэкламе ў метро. Хачу ўзяць тры мільёны рублёў да наступнага заробку. Калі верыць навінам месячнай даўніны, то канторы займаў “да палучкі” няслаба прыструнілі і цяпер яны павінны ставіцца да кашалькоў сваіх кліентаў з большай павагай. Аднак запытаўшыся аб працэнтах чую шалёнае — 60.
У яшчэ адной канторы (рэкламу таксама заўважыў у вагоне метро — яе там па-ранейшаму процьма) суму выплат за пазыку тлумачаць больш зразумела. Калі вазьму тры мільёны на тры месяцы, то за кожныя 30 дзён заплачу дадатковыя 500-600 тысяч. А калі так, як хачу, на месяц “да палучкі”, то за тры мільёны пераплачу амаль палову гэтай сумы.
“Калі вы на месяц возьмеце гэтыя грошы, то я вам зараз скажу, колькі трэба будзе вярнуць… Тры мільёны. Так… Трэба будзе вярнуць чатыры мільёны чатырыста сорак тысяч”.
Праўда, тут грошы мне гатовыя даць толькі па пашпарце. Адзінае, што трэба паспяшацца і прыехаць у першай палове дня. Тады свае мільёны атрымаю бліжэй да вечара.
У тэксце указа, які павінен быў ледзьве не забараніць сумнеўную дзейнасць кантор мікразаймаў (у рэальнасці пазычыць там можна нават 50 мільёнаў, не такія і малыя грошы), канкрэтных абмежаванняў не знаходжу. Там акрэслены парадак рэгістрацыі пры Нацбанку, неабходная для іх працы дакументацыя. Прапісаны абавязак сачыць за крэдытнай гісторыяй кліентаў. Агулам выглядае на тое, што нічога кардынальна не змянілася. Кіраўніцтва трэцяй канторы, да якой атрымалася дазваніцца, пацвярджае гэта прамым тэкстам:
“Гэта пытанне больш нават у юрыдычныя службы, чым да нас асабіста. Нічога пасля прыняцця указа не змянілася. Ні-чо-га. Потым бачна будзе, пасля Новага года”.
І дадае, што “ў нашай краіне пастаянна нешта мяняецца, хто ведае, што там далей будзе”. Усё не ўсё, але крэдыты пад 2% за дзень узяць па-ранейшаму можна. Нягледзячы на ўсе намаганні Нацыянальнага банка і ўмяшальніцтва кіраўніка краіны.