Нік Маторын: Шмат хто з ды-джэяў слухае рок-музыку і нармальна сябе адчувае

У Мінску 14 лютага вызначаць найлепшага ды-джэя 2007 года. Пакуль вынікі яшчэ не абвешчаныя і ўся публіка млее ў чаканні, Еўрарадыё вырашыла не марнаваць час, а пагаварыць з галоўным арганізатарам гэтага мерапрыемства – Мікалаем Маторыным. Ён распавядае пра галасаванне, скептыкаў, самыя папулярныя электронныя стылі, цырымонію ўзнагароды і нават пра новы прыезд Tiesto ў Мінск. ЕРБ: Мікалай, Вы ўжо другі раз будзеце ладзіць цырымонію ўзнагароджання Best DJ. Напэўна, летась былі нейкія памылкі, якія сёлета жадаеце выправіць… Распавядзіце нам!

М.М.: У мінулым годзе былі памылкі толькі ў самой цырымоніі, калі мы назапрашалі туды беларускіх поп-зорак, якія не вельмі парадавалі нас сваёй "творчасцю". А само галасаванне якім было, такім і засталося: галасуюць людзі, а мы прыкладаем свае высілкі толькі да падліку галасоў.

ЕРБ: Даводзілася чуць шмат скептычных меркаванняў наконт праекта Best DJ. Прычым, меркаванні гэтыя выказвалі не толькі клаберы, але і ды-джэі, прамоўтэры. У асноўным казалі пра тое, што галасаванне неаб'ектыўна, таму што галасуюць толькі за тых, хто больш за ўсё піярыць сябе ў Інтэрнэце. Журы як такога не існуе…

М.М.: Так. Але сёлета журы будзе. Літаральна сёння-заўтра мы апрацуем вынікі галасавання, а потым папытаем ды-джэяў, каб якраз яны выступілі ў ролі журы і сказалі, хто для іх лепшы ды-джэй Беларусі. І цікава, наколькі вынікі будуць адрознівацца ад меркавання простых людзей. Гэта значыць, мы апытаем, я так падазраю, каля ста ды-джэяў.

ЕРБ: Слухайце, а ці хопіць вам часу да 14 лютага справіцца з усімі падлікамі-апытаннямі?

М.М.: Гэта абсалютна нескладана. За пару дзён усё зробім.

ЕРБ: І усё ж такі цікава даведацца, як вы ставіцеся да скептыцызму, якім поўняцца Інтэрнэт-форумы з нагоды цырымоніі Best-Dj.

М.М.: Абсалютна без розніцы, толькі лічу, у кожнага ёсць сваё меркаванне. І ў мяне таксама ёсць сваё меркаванне. А крытыка – гэта цалкам нармалёва, абы яна была адэкватнай, а не праз асабістыя амбіцыі.

ЕРБ: Але вы яе ўспрымаеце? Крытыку…

М.М.: Мы любім крытыку. Яна рухавік прагрэсу, гэта факт. Але з нагоды Best DJ я нешта не чуў аб'ектыўнай крытыкі. Я чуў толькі крытыку амбіцый: маўляў, "чаму мяне няма ў 30-цы?". Чаму-чаму? Таму што людзі не прагаласавалі.

Я, да прыкладу, таксама магу з-за асабістых амбіцый сказаць, што менавіта мае ды-джэі, з якімі я працую, павінны быць найлепшымі. Але маё меркаванне і грамадскае – усё-ткі розныя рэчы.

Шмат хто казаў: "Вы хлусіце, падтасоўваеце вынікі". Але калі ім задаеш пытанне: "Навошта? Які сэнс мне гэта рабіць?" – ніхто не можа даць адказу. Ды я сам не ведаю, навошта гэта рабіць. Ад гэтага папулярней ты не станеш, і лепш, і ганарар у цябе вышэй не будзе. У Best DJ мы проста маніторым грамадскае меркаванне, і менавіта яно нам цікавае.

Летась яшчэ была сітуацыя, калі адзін даволі вядомы чалавек напісаў мне: "Гэтая ўсё хлусня!". На што я прапанаваў: "Давай я дашлю табе цяпер усю базу з галасамі, і ты палічыш усё сам". Ён сказаў: "Так! Так! Давай, дасылай!" А калі я даслаў – то ўсё, знік. Думаю, ён усё зразумеў.



ЕРБ: Можаце прыадчыніць таямніцу, колькі людзей прыняло ўдзел у галасаванні?

М.М.: У гэтым годзе каля 6 тысяч – у тры разы больш, чым у мінулым. У цэлым нармальна. Але, вядома, хацелася б яшчэ больш удзельнікаў, улічваючы, што на свае мерапрыемствы мы збіраем па тысячы тры людзей, а ёсць і іншыя прома-групы. Гэта значыць, тусоўшчыкаў-клабераў значна больш.

ЕРБ: І можна на падставе 6 тысяч адказаў сапраўды выявіць найлепшага ды-джэя?

М.М.: Мы кажам не пра найлепшага ды-джэя. Гэта проста назва такая – Best DJ.

ЕРБ: Во як! Даруйце, але назва шмат пра што кажа.

М.М.: Не, гаворка хутчэй ідзе пра самага папулярнага дыск-жакея ў Беларусі. Так будзе правільней сказаць. Ну, не называць жа нам цырымонію Pop- DJ, не гучыць неяк.

ЕРБ: У часопісе DJ Mag, калі яны прэзентавалі свой топ ста найлепшых ды-джэяў свету, напісалі вясёлую гісторыю пра ды-джэя Armin Van Buuren, які заняў першае месца. Людзі, якія за яго прагаласавалі, умудрыліся напісаць яго імя і прозвішча дзесьці ў 700 розных варыянтах. Наогул яны пісалі пра тое, што часам ім вельмі складана было ідэнтыфікаваць, якога ды-джэя людзі, што галасуюць, маюць на ўвазе.

Скажыце, напэўна, такія неспадзяванкі здараліся з імёнамі і нашых ды-джэяў?


М.М.: О, так! Напісанне было розным, па пяць-шэсць варыянтаў для кожнага ды-джэя. Вядома, па 700 варыянтаў не было. У DJ Mag жа галасуюць людзі з усяго свету, якія кажуць на розных мовах – адсюль і шмат інтэрпрэтацый. Але мы таксама глядзелі часам і вельмі моцна дзівіліся напісанню.

ЕРБ: Прывядзіце прыклад...

М.М.: Прыклад… Проста "v" можна змяняць на "w", кропкі расстаўляць як заўгодна, "and" змяняць на "und" – на нямецкі манер. Dj Gavrosh дык увогуле напісалі ў васьмі варыянтах – на польскай, на беларускай, рускай, на нейкай яшчэ невядомай мове, на англійскай, на нейкай напалову англійскай, напалову рускай, напалову беларускай…

ЕРБ: Але праблем у вас не было з распазнаннем ды-джэяў? Усё давялося ручкамі рабіць, мусіць.

М.М.: Вядома. Ды яшчэ шмат хто з маладых ды-джэяў ужо хочуць быць вядомымі ды-джэямі і, без лішняй сціпласці, галасубць за сябе па разоў сто. Але гэта вельмі лёгка вылічыць, таму што галасы ідуць з аднаго ip-адрасу. Натуральна, такія накруткі мы не ўлічвалі.

ЕРБ: У вас ужо ёсць папярэднія вынікі. Скажыце, за які электронны напрамак прагаласавалі больш за ўсё?

М.М.: Ламаных рытмаў. Dram&base, breaks і ўсе іх вытворныя. Гэта праўда. А яшчэ выявілася, што вынікі вельмі падобныя да леташніх. Вядома, будуць і новыя імёны, але няшмат. Я, праўду кажучы, быў злёгку здзіўлены. Я нават не меркаваў, што так будзе, хоць я сачу досыць нармальна за клубным жыццём горада.

ЕРБ: Ну добра, Інтэрнэт паказвае, што найболей развіты ў нас брэйкс. Але ты досыць добра ведаеш і астатнюю электронную тусоўку Беларусі. На твой погляд, які напрамак у нас лепш за ўсё развіваецца? Tiesto, вось, усё-ткі ў Менск прывезлі! А гэта транс, а не брэйкс.

М.М.: Так, Tiesto прывезлі! А цяпер яшчэ ATB прывязем. Прычым, нашмат лягчэй стала працаваць прамоўтэрам пасля прыезду Tiesto. Калі перамовы з зоркамі раней былі вельмі складанымі, то цяпер усё нашмат прасцей. Калі ўзнікаюць нейкія праблемы, то мэнэджэры ды-джэяў тэлефануюць і кансультуюцца з мэнэджэрам Tiesto – тыя даюць Беларусі добрыя рэкамендацыі, і шмат якія праблемы вырашаюцца самі сабой.
Tiesto у нас вельмі спадабалася. І нават адкрыю сакрэт – сёлета будзе яшчэ адно шоў Tiesto ў Мінску.

ЕРБ: Дзе?

М.М.: У футбольным Манежы. Калі ўсё будзе добра.



ЕРБ: Вернемся да стыляў. Па тваіх асабістых адчуваннях, які электронны стыль цяпер найболей актыўна развіваецца ў Беларусі?

М.М.: Ды нічога не развіваецца! Усё стаіць на месцы. Вакол толькі бязглузды хаўз. Канечне, калі робяць адмысловыя мерапрыемствы, прывозяць вядомых ды-джэяў, то ўсё добра. Але большасць клубаў… нават не большасць, мусіць усе… Не магу ўзгадаць ніводнага клуба, які б здзіўляў музыкай, калі ў яго заходзіш. Калі ў клубах ёсць рэзідэнты ды-джэі, то яны працуюць 4 разы ў тыдзень, і ў іх ёсць пэўны набор музыкі, адзін і той жа. Так часта яе нерэальна нават абнаўляць. І граюць гэтыя ды-джэі для публікі, якая марнуе грошы…

ЕРБ: Ты кажаш пра RnB?

М.М.: Так, і пра RnB таксама. Хоць у рэйтынгу Best DJ ёсць і RnB ды-джэі. Але ж вы разумееце, гэта камерцыйная музыка. А яшчэ часта ў нашых клубах ды-джэі ставяць проста хіты – для людзей, якія не затлумляюцца імёнамі ды-джэяў. А ёсць яшчэ і такія, якім хочацца сваю песню якую-небудзь паставіць. Узровень клубаў пакуль такі і ёсць. Гэта факт.

ЕРБ: У нас наперадзе 14 лютага і сумешчаны фэст Night Love Dance і цырымонія Best DJ. Чаму вы вырашылі сумясціць гэтыя два мерапрыемствы, і чаму на цырымоніі ўзнагароджання Best DJ будуць граць некаторыя гурты, вельмі далёкія ад электроннай музыкі?

М.М.: Гэта будзе цырымонія, на якую мы запрасілі вядомых беларускіх людзей, але сапраўды нармальных, з інтэлектам. Паклікалі і поп-зорак беларускіх, праўда, слова "зоркі" да іх не стасуецца, мусіць, але добра. Усе гэтыя ахвяры з-за таго, што мы жадаем зрабіць мерапрыемства больш статусным.

Ну, а сама цырымонія будзе адбывацца наступным чынам: вядомая медыя-персона Беларусі ўзнагароджвае дыск-жакея, мы абвяшчаем дзясятку лепшых, потым паказваем на маніторах топ-30. Натуральна, каб не было так сумна, паміж усімі гэтымі ўзнагароджаннямі выступяць разнастайныя гурты.

ЕРБ: Гэта значыць, паўтаруся, нармальна, калі паміж узнагароджаннем аднаго ды-джэя і другога будзе выступаць які-небудзь…

М.М.: Які-небудзь Клёндайк? Вы гэта хацелі сказаць?

ЕРБ: Ну так, Клёндайк. Пры чым тут яны?

М.М.: А чаму б і не? Магу сказаць, што шмат якія ды-джэі слухаюць рок-музыку і нармальна сябе адчуваюць.

ЕРБ: Ці будуць запрошаныя ўсе ды-джэі, якіх адзначылі летась?

М.М.: Мы абавязкова запросім 30-ку цяперашніх найлепшых ды-джэяў. Але магу сказаць адразу, што не ўсе прыйдуць. Чаму? Таму што хтосьці скептычна да гэтага галасавання ставіцца, а хтосьці проста не ў Мінску.



ЕРБ: Які сімвал Best DJ? Да прыкладу, на "Оскары" даюць статуэтку, на "Рок-каранацыі" – карону, на "Грэмі" – грамафончык. А што ў вас?

М.М.: А ў нас такі кавалак шкла з нашым добрым лагатыпам Best DJ. У яго, праўда, няма назвы. Проста шкельца.

ЕРБ: А ці будзе ўручаць гэтае "шкельца" найлепшы ды-джэй мінулага года – Dj I.F.U.?

М.М.: Было б правільна так зрабіць. І калі ён будзе ў Мінску, то ўсё так і будзе. Але вы ведаеце, раптам ён ізноў будзе найлепшым ды-джэем? Такое ж таксама можа быць, праўда?

ЕРБ: Ну так, і Dj I.F.U. сам сабе ўручыць «шкельца».

М.М.: Так, дастане з унутранай кішэні і скажа: «Лёша, дзякую!»

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі