"Ніл Гілевіч хацеў застацца ў памяці людзей моцным"

"Ніл Гілевіч хацеў застацца ў памяці людзей моцным"

29 сакавіка пайшоў з жыцця апошні Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Творцу было 84 гады, ён памёр ад анкалагічнага захворвання. У апошні час паэт рэдка з'яўляўся на публіцы, амаль не даваў інтэрв'ю. На думку сябра Гілевіча пісьменніка Уладзіміра Някляева, Ніл Сымонавіч проста не хацеў, каб яго бачылі старым і хворым.

"Ніл Гілевіч хацеў застацца ў памяці людзей моцным"

"Ён быў прыгожым чалавекам — высокі, плячысты, з класічным выразам твару. Ён быў жартаўлівы. Ад яго веяла сілай. І цяжкая хвароба ўсё гэта пачала прыбіраць. Ён гэтага не жадаў паказваць, і таму пазбягаў кантакту, а не праз тое, што стаў там нейкім нелюдзімым ці нешта сталася з псіхікай, як некаторыя казалі. Не. Ён проста хацеў застацца ў памяці людзей тым, якім ён быў пры сіле і пры здароўі".

Пры гэтым Ніл Гілевіч не быў пустэльнікам: дзверы яго кватэры ў знакамітым пісьменніцкім доме на Карла Маркса, 36 не зачыняліся.

"Самотным ён не быў, — запэўнівае паэт Міхась Скобла. — Да яго амаль кожны дзень прыходзілі наведвальнікі. Сябры, знаёмыя, цэлыя дэлегацыі прыязджалі з другіх гарадоў. Мяне асабліва ўражвала тое, колькі яму прыносілі кніг, нягледзячы на тое, што чытачом ён ужо быў не надта каб старанным, таму што вочы амаль зусім не служылі. А аўтары і выдаўцы прыносілі і дарылі яму кнігі. Гэтыя кнігі складаліся на канапу, і стосы рабіліся ўсё вышэй і вышэй. Я казаў, што аднойчы яны абрынуцца на яго галаву. Гэта была такая кніжная крэпасная сцяна. Адчувалася, што яму за ёй утульна. Ён любіў пагаварыць пра кніжныя навінкі, і, не могучы чытаць, прасіў сястру — яна штодзень чытала яму самае галоўнае з газет і кніг. Але дзверы яго кватэры рэдка зачыняліся. Ён мала каму адмаўляў, нават малазнаёмым і незнаёмым людзям, калі яны прасілі пра сустрэчу і гутарку. Прыходзілі і гаварылі".

А маладафронтавец Зміцер Дашкевіч, які таксама доўгі час сябраваў з Народным паэтам, дадае:

"Ніл Гілевіч заўжды ў мяне ўспрымаўся з лагоднай усмешкай, дабрынёй, бо заўсёды, калі мы яго наведвалі, віншуючы з народзінамі ці Раством, абмяркоўваючы нейкія справы, ён цікавіўся як там Мара (дачка Дашкевічаў, — заўв. Еўрарадыё), мая жонка Наста, даставаў аднекуль прысмакі і перадаваў ёй, заўсёды падрабязна распытваў пра вядомых яму маладафронтавак і маладафронтаўцаў. Перажываў нашы арышты, суды, шчыра турбаваўся за нас".

"Ніл Гілевіч хацеў застацца ў памяці людзей моцным"
Фота kyky.org

Апошнія гады Ніл Гілевіч займаўся выданнем 23-томнага збору ўласных твораў. Грошы на выпуск ён выдаткоўваў са сваёй пенсіі (другая частка ішла на лекі) і выдаваў па 50 асобнікаў. Прычым, апынулася, што па-за гэтымі 23 тамамі засталося матэрыялу яшчэ на сем кніг, а многія творы паэта былі датаваныя 2012-2014 гадамі. 

"Ніл Гілевіч хацеў застацца ў памяці людзей моцным"

"У яго адкрылася другое ці нават можа трэцяе дыханне, — распавядае Міхась Скобла, які падчас апошняй сустрэчы з Нілам Сымонавічам два тыдні таму абмяркоўваў выданне наступных кніг Народнага паэта. — Кожны год ён выдаваў па кнізе ці нават па дзве. Прычым, апошняя кніга называлася "Эпіграмы", я пісаў да яе прадмову па яго просьбе. І там такія хлёсткія, вельмі афарыстычныя, кароткія творы, пазначаныя літаральна 2012-2014 гадамі. Звычайна эпіграмы — жанр для маладых. Напісаць эпіграму — як выкшталцона і хутка ўкалоць рапірай. Гэта ўсё-ткі спорт не для 80-гадовых. А Ніл Сымонавіч мог у такім паважным веку займацца эпіграмамі. Прычым у іх была часам палітычная сатыра — гэта трэба мець не толькі талент, але і мужнасць, каб напісаць: "Сядзіць скарэлай мордай, не мае, чым адмыць, а морда хоча гордай і незалежнай быць"... Пакуль рука пяро трымала, ён пісаў, і пісаў здорава".

Пра няпросты характар Ніла Гілевіча ходзяць легенды. Але гэта натуральна для любога творчага чалавека, мяркуе Уладзімір Някляеў:

"Ён быў амбіцыйным, і гэта таксама ўсе ведаюць. Ён вельмі высока ацэньваў тое, што сам рабіў, але трэба сказаць, што гэта не замінала яму належным чынам ацэньваць тое, што рабілі іншыя. Ведаеце, я неяк напісаў пра тое, што ён настолькі любіў сябе самога, і шмат у чым заслужана любіў, што ў ім не заставалася месца для нянавісці. Магу і зараз сказаць, што пры эгацэнтрычнасці, уласцівай большасці творцаў, нянавісці да іншых, да гэтак званых канкурэнтаў у яго не было".

Пры гэтым, цягам жыцця Народны паэт Гілевіч ніяк не мог знайсці паразумення з Народным паэтам Барадуліным.

"Ды глупства гэта ўсё, — смяецца Міхась Скобла. — Я пытаўся ў аднаго і другога: "З-за чаго вы ўсё ж пасварыліся?". І ніхто не мог узгадаць, за што. Ці то Барадулін напісаў эпіграму на Гілевіча, ці то Гілевіч на Барадуліна. Вось за даўнасцю гадоў яны ўжо самі не памяталі, з-за чаго гэта адбылося. А потым гэтая варажнеча засталася на ўсё жыццё. Мне хацелася іх памірыць. Нейкія крокі да прымірэння былі прынятыя з аднаго і другога боку, але, думаю, цяпер яны там памірацца і без мяне. Абавязкова памірацца".

"Ніл Гілевіч хацеў застацца ў памяці людзей моцным"
Ніл Гілевіч падчас Мінскай вясны. 1996 год.

Праўда, Міхась Скобла лічыць, што да чалавека са складаным характарам не ідуць чарадой наведвальнікі. Гілевіч умеў размаўляць з людзьмі, але ў пэўных пытаннях ён быў непахісны:

"Гэта пытанні дзяржаўнасці Беларусі, дзяржаўнасці беларускай мовы — ніхто і нішто не маглі яго збіць з гэтага шляху, ён быў, як мур, на абароне нацыянальных каштоўнасцяў. Ён у 15 гадоў напісаў верш "Задумае вораг з далёкага краю адабраць, знішчыць мову маю" і не здрадзіў свайму прынцыпу і ў публіцыстыцы, і ў вершах, і на трыбуне Вярхоўнага савета — куды б яго лёс не накіроўваў. У іншых пытаннях ён быў кампрамісны, па-чалавечы кантактны з сябрамі, з калегамі, і гэта можа пацвердзіць шмат хто".

На думку Уладзіміра Някляева, Ніл Гілевіч зразумеў, што доўга не пражыве, калі яму ў шпіталі ў Бараўлянах сказалі, што з ім. Але ён не захацеў лячыцца і літаральна збег дадому.

"І з гэтага моманту, калі ён на нешта і спадзяваўся, то хіба на Боскі цуд, але разумеў, што гэтыя цуды калі і здараюцца, то ў не ў такіх выпадках. Ён даволі мужна прыняў тое, што паслаў яму лёс напрыканцы жыцця, і паводзіў сябе вельмі дастойна".

Па словах Змітра Дашкевіча, у апошні час Гілевіч не ўставаў з ложка, але трымаўся бадзёра.

"Мы заходзілі да яго ў лютым. Ужо трэба было дамаўляцца з яго сястрой, якая пра яго апекавалася, каб яна была дома і адчыніла нам, бо Ніл Сымонавіч не падымаўся. Але не скардзіўся, хоць быў на леках, не жаліўся, усміхаўся і трымаўся".

 

"Ніл Гілевіч хацеў застацца ў памяці людзей моцным"
Фота з фэйсбуку Змітра Дашкевіча

Ніл Гілевіч будзе пахаваны 1 красавіка на Кальварыйскіх могілках.

Фота: nn.by, svaboda.orgkraj.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі