Ніякага дачынення да статыстыкі лічбы Мінздароўя па COVID не маюць — урач Мартаў

Уладзімір Мартаў
Уладзімір Мартаў

Такой колькасці тых, хто захварэў, як у гэтую хвалю каранавіруса, у Беларусі яшчэ не было, кажа былы загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі Уладзімір Мартаў са спасылкай на назіранні калег. Рэсурс "Філін" папрасіў доктара пракаментаваць дадзеныя Міністэрства аховы здароўя, якое 4-5 лютага паведамляла аб 7-8 тысячах новых выпадкаў COVID за суткі, а затым гэтыя паказчыкі рэзка знізіліся.

Збольшага на зніжэнне паказчыкаў магло паўплываць тое, што Мінздароўя змяніла правілы дыягностыкі — лекарам дазволілі ставіць дыягназ "каранавірусная інфекцыя" без правядзення тэставання, мяркуе доктар. Але ёсць і іншае тлумачэнне,

"Лічбы міністэрства ніколі не супадалі з лічбамі з месцаў. Напрыклад, калі я яшчэ працаваў загадчыкам, аднойчы ў мяне было сем памерлых у дзень. Быў такі перыяд. А міністэрства падавала, што сем чалавек памерла па краіне", — успамінае ён.

Па словах Мартава, на нейкім этапе ўсе гэтыя лічбы падвяргаюцца карэкціроўцы, таму ніякага дачынення да статыстыкі яны не маюць.

"Гэта наогул нельга назваць статыстыкай. Але тое, што яны адбілі выбухны рост — так, адбілі. Таму што людзі бачаць, што адбываецца з імі і іх асяроддзем", — кажа ён.

Мартаў адзначыў, што беларускія чыноўнікі ад медыцыны не зрабілі высноў пасля першай хвалі COVID. Тады было 2-2, 5 месяца, каб ацаніць абстаноўку. Але нічога зроблена не было. Падрыхтоўкі да другой хвалі не было, і яна прайшла горш папярэдняй.

"Але, зноў жа, калі ў нас такі фасадны характар аховы здароўя, нам галоўнае прыгожая статыстыка, якую трэба прадставіць наверх, атрымліваецца, што і далей будзе ўсё роўна, як мы будзем рыхтавацца. Чорт з ім! Любая пандэмія пройдзе. Яна можа забраць на тысячу больш жыццяў, а можа і на тысячу менш. Але мы гэтым, мяркуючы па ўсім, не заклапочаныя", — разважае доктар Мартаў.

Кіраўніцтва Віцебскай бальніцы хуткай меддапамогі ў сакавіку 2021 года адмовілася працягваць кантракт з Уладзімірам Мартавым. Раней Мартаў выказваўся пра тое, як дзяржава кінула медыкаў падчас першай хвалі COVID-19, і што дапамагалі лекарам толькі валанцёры. Крытыкаваў дзяржаву за тое, што грошы на медыцыну вылучаюцца па рэшткавым прынцыпе. Жыхары Віцебску сабралі подпісы ў падтрымку доктара, але яго ўсё-такі звольнілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі