Не хачу перагортваць старонку — доктар Уладзімір Мартаў дагэтуль без працы
Уладзімір Мартаў / imenamag.by
Рэаніматолаг з Віцебска Уладзімір Мартаў, які адным з першых шчыра загаварыў пра COVID у Беларусі і быў звольнены, дасюль не выйшаў на працу.
Пасля ягоных крытычных выказванняў аб арганізацыі працы лякарняў падчас пандэміі — аб аварыі на кіслароднай станцыі Віцебскай лякарні і гібелі пацыентаў — з ім не прадавалі кантракт.
"Я не займаюся цяпер нічым. Пяць месяцаў не працую, займаўся трохі ўласным здароўем. Цяпер жыву за горадам", — расказаў Мартаў у інтэрв'ю "Нашай Ніве". Паводле яго слоў, адчувае сябе спакойна "як у адпачынку": "сяджу адзін у вёсцы, палю ў грубцы".
Мартаў не разглядаў пытанне пра пераезд у іншую краіну. Кажа, гэта прынцыповая пазіцыя — не хоча з'язджаць, "пакуль гэта магчыма, пакуль няма пагрозы бяспецы".
"У мяне былі вельмі смешныя спрэчкі з маімі больш маладымі і больш прасунутымі калегамі — адна і тая ж тэма, якую мы ўвесь час абсмоктвалі з розных бакоў. Казалі аб тым, што чым ехаць у Канаду і рабіць там Беларусь, трэба рабіць у Беларусі Канаду", — адзначыў ён.
Цяпер Мартаў спрабуе сабраць думкі ў тэкст, піша пра тое, што бачыў і пра што разважаў апошнім часам. Пакуль прааналізаваў першую хвалю каранавірусу. Кажа, быў перакананы, што беларускія медыкі справяцца з праблемай — бо быў жа досвед 2009-га года, калі краіна перажыла эпідэмію свінога грыпу, і "гэта было досыць цяжка і страшна".
"У мяне была ілюзія, што мы так жа сама павінны справіцца з COVID, у чым праблема? І калі мы проста ўсё правалілі... паўстала пытанне, якое мы таксама абмяркоўвалі з маладымі калегамі ў ардынатарскіх: чаму мы не Германія? А я не разумею, чаму. Бо нам нічога не перашкаджае быць у медыцынскім сэнсе Германіяй. Але мы не Германія, нават блізка. Мы зрабілі ўсё наадварот. І гэта незразумела", — кажа медык.
Ён успамінае, што ў лякарні "проста забаранілі прафесійна рыхтавацца да COVID, бо была прынятая пастанова: “нічога страшнага, і так перажывем, нічога не трэба рабіць". Па словах Мартава, для прафесіянала — гэта дзіка.
Мартаў кажа, што яму прапаноўвалі працу. Але з'язджаць за мяжу ён не хоча, а падпрацоўкі, каб пераседзець, яму не падыходзяць.
"Я не хачу перагортваць старонку, дзеля таго, каб проста пракарміцца. Вось такі лозунг у мяне", — прызнаецца медык.
Ён не спрабаваў уладкавацца ў дзяржаўныя медустановы, таму не ведае, ці ёсць ягонае прозвішча ў "чорным спісе". Кажа, пакуль сам не гатовы вярнуцца ў сістэму.
"Бо трэба будзе ўступіць у прафсаюз, здаць грошы на Чырвоны Крыж, падпісацца на газеты... Я буду вымушаны зноў пагрузіцца ў сістэму, якая дакладна не пра медыцыну. Медыцына мне вельмі цікавая, а гэтая мішура вакол якой корміцца ўся гэтая кампанія, гэта ж жудасна. І, калі шчыра казаць, проста непрыстойна. І з гэтым вельмі не хочацца зноў сутыкацца", — кажа Уладзімір Мартаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.