Нобеля па фізіцы далі за доказ існавання масы ў нейтрына
Нобелеўскую прэмію па фізіцы сёлета атрымалі Такаакі Кадзіта і Артур Макдональд. Навукоўцы змаглі даказаць факт існавання масы ў нейтрына. Гэта элементарная часціца, якая “адказвае” за адно з чатырох фундаментальных узаемадзеянняў, а менавіта слабае. Яно ляжыць у аснове радыеактыўных распадаў.
Доказ існавання масы ў нейтрына запатрабаваў перапісаць Стандартную мадэль — базавую тэорыю, якая тлумачыць уласцівасці ўсіх вядомых элементарных часціц і іх узаемадзеянні.
Мяркуецца таксама, што даследаванні нейтрынных асцыляцый дапамогуць растлумачыць гэтак званую барыённую асіметрыю Сусвету, то бок, зразумець, чаму ў ім нашмат болей матэрыі, чым антыматэрыі, перадае Еўраньюс.
Памер прэміі складае адзін мільён шведскіх крон. Узнагароджанне лаўрэатаў адбудзецца ў Стакгольме ў дзень смерці Альфрэда Нобеля — 10 снежня.