Новая мішэнь Рыгора Азаронка — прыватныя медцэнтры і "лекары-забойцы"
Новай мішэнню адыёзнага прапагандыста Рыгора Азаронка на тэлеканале СТБ сталі дактары, якія выказаліся ў падтрымку затрыманага Арцёма Сарокіна і правялі акцыі "0 праміле".
Азаронак параўноўвае беларускіх дактароў з нацысцкім садыстам доктарам Менгеле: "Чаго толькі варты сумна вядомы доктар Ёзэф Менгеле, нацысцкі садыст, кат і забойца, які ставіў медыцынскія доследы на зняволеных у канцлагерах.
І цяперашнія дактары-змагары напраўду спадкаемнічаюць гэтаму персанажу. Чаго толькі вартыя заклікі ў Telegram-каналах не выходзіць на працу, не рабіць аперацыі, не абслугоўваць у бальніцах і паліклініках міліцыянтаў".
Азаронка падтрымлівае прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Андрэй Лазуткін, які тут названы палітолагам. Ён кажа, што дактары часта працуюць і ў дзяржаўных установах, і ў прыватных медцэнтрах. Маўляў, праз медцэнтры лекары былі ўцягнутыя ў дапамогу пратэстоўцам.
"Так, арганізатарамі беспарадкаў была выбудаваная сістэма ўзаемадзеяння са сталічным прыватным медцэнтрам Л., у рамках якой медыцынская дапамога для пацярпелых падчас беспарадкаў 9-11 жніўня аказвалася бясплатна і ў любым аб'ёме, уключаючы складаныя даследаванні КТ, МРТ і іншыя (рынкавы кошт такіх даследаванняў складае 200-500 рублёў)", — абураецца Лазуткін тым, што медыкі дапамагалі пацярпелым.
Ён мяркуе, што "арганізатары беспарадкаў праплацілі кіраўніцтву медцэнтра". Па словах Лазуткіна, кіраўніцтва медцэнтра пагрозамі прымусіла дактароў лячыць пацярпелых. "Таксама калектыву было рэкамендавана наведаць страйк медыкаў ля Міністэрства аховы здароўя 17 жніўня. Кіраўніцтвам загадзя былі падрыхтаваныя тры вялікія бел-чырвона-белыя сцягі для вывешвання на офісах медцэнтра ў Мінску", — заяўляе ён.
Напыканцы сюжэта Азаронак называе медыкаў "лекарамі-забойцамі" і заклікае правесці міліцэйскія праверкі ў прыватных медцэнтрах.
Выраз "лекар-забойца" ў СССР узнік у 1930-х пасля смерці Максіма Горкага: спецыялістаў абвінавацілі, што яны знарок не ўратавалі жыццё пісьменніку. Другі працэс супраць "лекараў-забойцаў" рыхтаваўся ў 1952-1953 гадах, але дзякуючы нечаканай смерці Сталіна ўсе арыштаваныя дактары былі выпушчаныя на волю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.