У "Ладэ" пачалася зачыстка нелаяльных лекараў

Медыцынскі цэнтр "Ладэ"​ / yandex.eu
Медыцынскі цэнтр "Ладэ"​ / yandex.eu

У медыцынскім цэнтры "Ладэ" пачаліся зачысткі лекараў, якія прымалі ўдзел у пратэстах або выказвалі сваю пазіцыю пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Пра гэта піша "Наша Ніва" са спасылкай на свае крыніцы. Звальненні ініцыюе не медцэнтр, спіс у адміністрацыю спусцілі "зверху". У ім — больш за дзесятак прозвішчаў. Супрацоўнікаў са спісу папярэджваюць, што з імі не могуць працягваць супрацоўніцтва.

"Некаторым прапануюць узяць іх на парукі або арганізаваць пакаяльнае відэа ці ліст. Людзі рэагуюць па-рознаму. У асноўным кажуць, што асабліва няма ў чым каяцца", — цытуе выданне словы крыніцы.

Некалькі спецыялістаў апынуліся пад следствам. Іншым пагражаюць, што ім будзе забароненая праца ва ўсіх медцэнтрах краіны.

"Пакаяльныя відэа" з удзелам медыкаў ўжо сталі з'яўляцца ў дзяржаўных СМІ. Іх публікуе, у прыватнасці, "Мінская праўда". Героі гэтых ролікаў — супрацоўнікі дзяржаўных медустаноў — распавядаюць, што выходзілі на пратэсты ў 2020 годзе "пад ціскам сацсетак", а цяпер шкадуюць.

Нагадаем, найбуйнейшы прыватны медцэнтр "Ладэ" ў гэтым годзе быў вымушаны на месяц прыпыняць працу — па патрабаванню Міністэрства аховы здароўя. Раней Аляксандр Лукашэнка казаў, што "ўжо наеўся" прыватнай медыцыны, і што мае намер у далейшым развіваць у Беларусі дзяржаўную сістэму аховы здароўя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі