Новыя мытныя правілы: Што, калі і як можна везці з-за мяжы з 14 красавіка

Новыя мытныя правілы: Што, калі і як можна везці з-за мяжы з 14 красавіка

З 14 красавіка набывае сілу Указ №40, які змяняе правілы правозу тавараў з-за мяжы для грамадзян Беларусі. Што цяпер можна, а што нельга, разглядаем на прыкладзе рэальных сітуацый.

 

Сітуацыя 1. Я еду за мяжу ўпершыню пасля 14 красавіка

У такім выпадку назад у краіну можна прывезці новых рэчаў на агульную суму 1500 еўра і вагой не больш за 50 кілаграмаў. Усё, што больш, будзе абкладацца падаткам і зборам. Лічыць агульны кошт мытнікі будуць па касавых чэках, якія вы ім пакажаце (не выкідайце чэкі!). Калі чэкаў няма ― правяраць кошт рэчаў мытнікі будуць самастойна. На практыцы яны часта гэта робяць з дапамогай інтэрнэта на сайтах крамаў і гандлёвых цэнтраў (Пытанне: колькі гэта зойме часу?).

Везці тавараў на 1500 еўра можна раз на тры каляндарныя месяцы. То бок, калі прывёз тэлевізар за 1500 еўра 15 красавіка, то яшчэ раз гэта без выплаты пошлінаў можна зрабіць ужо 1 ліпеня.

 

Сітуацыя 2. Я ўжо быў за мяжой адзін раз пасля 14 красавіка, прывёз тэлевізар за 1500 еўра, а цяпер еду другі раз (раней, чым праз тры каляндарныя месяцы) і з пакупак у мяне толькі тэлефон за 299 еўра. Што будзе?

Нічога. Усё, што танней за 300 еўра, дадатковымі падаткамі і зборамі не абкладаецца. Вызначаць кошт вашых пакупак мытнікі будуць такім самым чынам, як і ў першым выпадку, ― па чэках альбо ўласнымі сіламі. Нюанс ― вашы пакупкі не павінны важыць больш, чым 20 кг. Калі вы нешта купляеце ў Літве і плануеце забраць Tax Free на мяжы, то папрасіце ў касіра копію чэка (арыгінал забяруць разам з паперамі Tax Free).

 

Сітуацыя 3. Я ужо быў за мяжой адзін раз пасля 14 красавіка, прывёз тэлевізар за 1500 еўра, а цяпер еду другі раз (раней, чым праз тры каляндарныя месяцы) і вязу тэлефон за 350 еўра. Што будзе?

Калі мытнікі знойдуць ваш новы тэлефон, то прыйдзецца заплаціць мытны збор за ўвесь кошт тэлефона, мытную пошліну і падатак на дададзеную вартасць. Для кожнай катэгорыі тавараў памеры гэтых плацяжоў свае. Але ў выніку могуць скласці нават палову кошту.

Калі вы везлі тэлефон за 299 і новыя джынсы за 30, то плаціць прыйдзецца за нешта адно на выбар. Лепш абраць джынсы.

 

Сітуацыя 4. Я ўжо быў за мяжой адзін раз пасля 14 красавіка, нічога не прывёз, а цяпер еду другі раз (раней, чым праз тры каляндарныя месяцы) і вязу тэлефон за 350 еўра. Што будзе?

Тое самае, што ў сітуацыі нумар 3. Справа ў тым, што мытню зусім не хвалюе, везлі вы ў першы раз нешта альбо не везлі. Вашы законныя 1500 еўра згараюць адразу пасля першага ўезду ў краіну. Нават калі вы зусім нічога не куплялі.

 

Сітуацыя 5. Я забыў, што маю тавараў на большую, чым дазволеная, суму і еду (альбо іду) праз зялёны калідор. Што будзе?

Калі мытнікі не правераць вашы торбы, то нічога. Калі правераць і знойдуць там тавары на агульную суму больш за 300 еўра, то прыйдзецца заплаціць штраф ― ад мільёна да шасці. У адміністратыўным кодэксе нават ёсць адпаведны артыкул. Называецца "недэклараванне тавару". Прычым раптоўна перадумаць і папрасіцца на "чырвоны калідор" ужо не атрымаецца ― прыйдзецца плаціць і штраф, і зборы ды падаткі.

Новыя мытныя правілы: Што, калі і як можна везці з-за мяжы з 14 красавіка

Сітуацыя 6. Вяртаюся ў краіну са сваім старым, але вельмі дарагім ноўтбукам (фотаапаратам, планшэтам, тэлефонам). Ці будуць праблемы?

Могуць быць. Каб не было, мытнікі раяць прасіць і запаўняць дэкларацыю падчас выезду з Беларусі. Калі гэтага не было зроблена, прыйдзецца неяк дамаўляцца з мытнікамі падчас вяртання ў краіну. Яны могуць паверыць, што гэта ваш асабісты ноўтбук, якім вы карыстаецеся ўжо дзесяць гадоў. Але калі на ім няма ні драпінкі, могуць і не паверыць.

 

Сітуацыя 7. Быў у "Акропалісе", трапіў на шалёныя зніжкі і накупляў дарагіх рэчаў па смешных коштах. Што будзе на мяжы?

Калі чэкі з "Акропаліса" захаваліся, то усё нармальна. Калі не, мытнікі могуць пачаць правяраць сапраўдны кошт вашых пакупак і не факт, што ён будзе адпавядаць чароўным 300 еўра. Карацей, захоўвайце чэкі.

 

Сітуацыя 8. Не хачу плаціць нікому ніякіх пошлін, што рабіць?

Вяртацца ў Беларусь на самалёце. У гэтым выпадку ніхто лічыць кошт вашага замежнага шопінгу не будзе. Пры гэтым трэба памятаць ― для мытні важна толькі тое, якім чынам вы вяртаецеся ў краіну. Як выязджалі ― па зямлі, па небе, ці на параходзе ― яе абсалютна не хвалюе.

І яшчэ важны нюанс: перамяшчэнні па паветры мытня ўвогуле ўлічваць не будзе. То бок можна адзін раз паехаць машынай, прывезці сабе нешта на 1500 еўра, а потым тры месяцы лётаць самалётамі і вазіць, што захочаце, на суму, не большую 10 тысяч еўра.

 

Сітуацыя 9. Еду ў адпачынак на месяц. У першы ж дзень набываю там фотаапарат (ноутбук) і актыўна карыстаюся ім. Такая рэч будзе лічыцца новай, альбо ўжо не?

Новай. Вы набылі яе за мяжой, але з'яўляецеся грамадзянінам Беларусі і, вяртаючыся, вязеце фотаапарат з сабой. Выключэнне робіцца толькі тады, калі вы маеце дазвол на жыхарства ў іншай краіне. Тады свае рэчы можна везці беспошлінна.

 

Сітуацыя 10. Я вязу нешта такое, сапраўдны кошт чаго ніхто не ведае, нават беларуская мытня. Што будзе?

Калі верыць мытні, такога не можа быць у прынцыпе. Усё мае свой кошт, які можна хутка высветліць.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі