Нямецкія навукоўцы перасадзяць залежных ад інтэрнэта на “лічбавую дыету”

Навукоўцы з Бонскага ўніверсітэта ўсур’ёз занепакоіліся за інтэрнэт-карыстальнікаў, якія не могуць адарвацца ад электроннай скрыні, навінавых сайтаў і сацыяльных сетак. Каб дапамагчы такім “залежным”, яны распрацавалі спецыяльную праграму для смартфонаў, якая дапаможа кантраляваць свой час у анлайне.

“Самастойная справаздачнасць проста не працуе. Ніхто не можа ўзгадаць, колькі ён патраціў часу на праграмы, якія ёсць у яго тэлефоне. Ніхто за гэтым не сочыць”, — кажа Аляксандр Марковец з Бонскага ўніверсітэта.

Невялікае даследаванне 50 студэнтаў паказала, што чвэрць з іх “сядзяць” у сваіх смартфонах больш за дзве гадзіны штодня, у сярэднім карыстаючыся тэлефоннымі сервісамі 80 разоў на дзень.

Аляксандр Марковец: “Я думаю, што праз 20 гадоў мы будзем з сорамам глядзець на тое, што мы зрабілі з нашымі мазгамі з дапамогай тэхналогій”.

Сам навуковец пасля тэставай праверкі набраў “безадказныя высокія” 90 пунктаў са 100. Аляксандр Марковец спадзяецца, што распрацоўкай скарыстаюцца дзясяткі тысяч людзей, якія змогуць змяніць свае анлайн-паводзіны. Пакуль жа асноўнай перашкодай з’яўляецца тое, што праграма працуе толькі на Android і не працуе на iPhone.

Тым часам The Telegraph прыводзіць вынікі даследавання, што больш за ўсё схільнымі да інтэрнэт-залежнасці з’яўляюцца не моладзь і беспрацоўныя, а звышпаспяховыя работнікі. І не дзіўна: яны працуюць амаль увесь свой час.

“Кампульсіўныя паводзіны назіраюцца, калі работнікі перасякаюць неабходную мяжу і выкарыстанне інтэрнэта для іх становіцца нездаровым. Яны праводзяць усё больш часу анлайн, прачынаючыся тры разы цягам ночы, каб праверыць пошту, іх харчаванне становіцца нерэгулярным, адносіны пакутуюць, яны адчуваюць непакой, калі не маюць побач камп’ютара”, — адзначае Нада Какабадзэ, прафесар палітыкі, упраўлення і этыкі бізнэс-школы Хэнлі.

А ў Талінскім тэхнічным універсітэце высветлілі, што тры чвэрці супрацоўнікаў баяцца… панядзелкаў. І ўсё з-за таго, што ім страшна адкрываць сваю пошту пасля выхадных, дзе яны, верагодна знойдуць мноства новых заданняў і загадаў.

Цікава, што актыўныя карыстальнікі пачалі і самі абмяжоўваць свой час у анлайн, не чакаючы ніякіх праграм. У канцы красавіка мінулага года паведамлялася, што за паўгода самая папулярная сацсетка Facebook згубіла 9 мільёнаў карыстальнікаў у ЗША і 2 мільёны – у Вялікабрытаніі. Так званы “віртуальны суіцыд” становіцца ўсё больш папулярным па двух прычынах: страх перад інтэрнэт-залежнасцю, а таксама трывога за асабістыя дадзеныя.

Фота: huffingtonpost.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі