"Нёман" выйшаў у другі раўнд адбору Лігі канферэнцый
Матч у Венгрыі прайшоў пры пустых трыбунах / t.me/fcneman/
Гродзенскі "Нёман" выйшаў у другі раўнд адбору футбольнай Лігі канферэнцый. У чацвер у Венгрыі гродзенцы згулялі ўнічыю з клубам "Вадуц" з Ліхтэнштэйна — 1:1. Лік на 16-й хвіліне з пенальці адкрыў Павел Савіцкі. Беларуская каманда мела перавагу, але свае моманты не рэалізавала. "Вадуц" на апошніх хвілінах змог зраўняць лік.
У першым матчы ў Ліхтэнштэйне "Нёман" выйграў з лікам 2:1.
Гродзенская каманда ўпершыню ў гісторыі пераадолела першы раўнд еўракубкаў (яна ўдзельнічала ў пяці еўракампаніях), піша "Трыбуна".
Сапернікам "Нёмана" ў 2-м раўндзе будзе "Бальцан" з Мальты, які сенсацыйна прайшоў славенскі "Дамжале". Па Еўропе гродзенцы падарожнічаюць на аўтобусе, праехалі ўжо тысячы кіламетраў. Цяпер трэба будзе дабрацца на востраў Мальта.
Абодва матчы пройдуць на Мальце, першы з іх — 27 ліпеня.
Мінскае "Дынама" выбыла ўжо ў першым раўндзе адбору Лігі канферэнцый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.