“Па падлозе гуляе вецер”: пасля капрамонту панэлька пайшла расколінамі
Жыхары Мар’інай горкі скардзяцца на невыносныя ўмовы жыцця. Нядаўна ў іх доме зрабілі капітальны рамонт, але ўмовы толькі пагоршыліся: кватэры прамярзаюць, па сценах пайшлі расколіны.
Пяціпавярховік па адрасе вуліца Новая зара, 28 пабудавалі ў 1987 годзе для вайскоўцаў, якія вярталіся з Афганістана. Цяпер у доме жывуць пераважна пенсіянеры. Доўгачаканы рамонт пачалі вясной 2018 года.
“Зімой спім у вопратцы”
“Гэта былы вайсковы гарадок, — распавядае Еўрарадыё жыхарка дома Валерыя. — Дом будаваўся хутка, ён стаіць на палях. У красавіку 2018 года пачаўся капітальны рамонт. Да гэтага рабіліся толькі невялічкія касметычныя працы. У доме цёк дах, а цяпер каласальнае прамярзанне сцен. Да так званага капітальнага рамонту ў кватэрах было цяплей. Зімой спім у вопратцы”.
Валерыя сцвярджае, што рамонт рабіўся абы як. Падчас дажджоў рабочыя не паспелі закрыць дах, і некалькі кватэр затапіла.
“Галоўная праблема ў тым, што дом даў расколіну, — кажа мясцовая жыхарка. — Сцяжку на даху дагэтуль не зрабілі. Калі шлі дажджы, у людзей у кватэрах з разетак лілася вада. Фінансавыя страты дагэтуль не кампенсаваныя”.
Жыхары дома кажуць: шмат гадоў чакалі рамонту, а калі дачакаліся, дык і самі не рады. Каб выратаваць сітуацыю, яны звярнуліся да мясцовых уладаў.
“Да чаго ні дакраніся — адзін брак, — кажа Валерыя. — На нашы скаргі была скліканая камісія. Выявілі няякаснае выкананне працы па даху, рамонту швоў. У кватэрах прадуванне швоў у кутах. Пасля так званага рамонту ў кватэрах холадна і мокра. Па падлозе гуляе вецер”.
Валерыя кажа, што да таго ж іх пяціпавярховік не ўцяплілі, праз гэта зімой у кватэрах вельмі холадна, а ўлетку няма чым дыхаць.
“Магчыма, яны перакручваюць і прыдумляюць”
Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Пухавіцкага райвыканкама Таццяна Сілівончык распавядае Еўрарадыё, што не кантралюе капітальныя рамонты.
“Я архітэктар, я мастак, — кажа Таццяна Сілівончык. — Я даю дазвол на капітальны рамонт адпаведна з законадаўствам, але сам рамонт не кантралюю. Гэта не праектная дакументацыя вінаватая, а выкананне. Магчыма, яны [жыхары дома. — Еўрарадыё] перакручваюць і прыдумляюць. Любы факт можа быць праўдай, а можа і хлуснёй”.
Чыноўніца дадае, што звароты з гэтага дома сапраўды былі, але “па частцы райвыканкама ўсё нармальна”: “Закрылі дах. Прадугледзелі надвор’е ці не — за гэтае адказвае падрадчык. Адхіленні ад праектнай дакументацыі былі. За гэта прыцягнулі да адказнасці”.
“У нас усё выканана па праекце”
Што рабіць людзям у гэтай сітуацыі, мясцовыя ўлады не ведаюць. Еўрарадыё ў Пухавіцкім райвыканкаме раяць звярнуцца ў ТАА “Пухавіцкае МПМК-14”, якое было на рамонце дома падрадчыкам.
“Праблема са швамі была першапачаткова, — кажа Еўрарадыё кіраўніцтва арганізацыі. — Усё, на што мы заключылі дамову з ЖКХ Пухавіцкага раёна, мы выканалі. Усе астатнія работы будуць выконвацца ЖКХ за кошт грамадзян. Заўвагі, якія былі, мы ліквідавалі. Жыхары хочуць больш, чым закладзена ў праекце, а ў нас усё выканана па праекце. Працы завершаныя”.
Жыхары дома звярнуліся са скаргай у пракуратуру, але адтуль, як яны лічаць, прыйшла “адпіска”.
“Нядаўна камунальнікі прыйшлі з паперамі, маўляў, падпішыце, што рамонт скончаны, — дадае Валерыя. — Ніхто нічога не падпісаў”.