Пачала дзейнічаць новая інструкцыя аб прымусовай эвакуацыі аўтамабіля
26 кастрычніка дакумент, зацверджаны ўрадавай пастановай № 986 ад 17 кастрычніка 2014 году, набыў моц.
У інструкцыі апісваецца парадак прымусовай эвакуацыі транспартных сродкаў, змяшчэння аўто на стаянку пад аховай, адбуксоўкі без размяшчэння на стаянцы, а таксама агавораныя правілы блакіроўкі кола.
Рашэнне аб прымусовай эвакуацыі прымаюць супрацоўнікі ДАІ. Пры гэтым інспектар павінен агледзець аўтамабіль у прысутнасці ўладальніка ці яго прадстаўнікоў. Калі ж гаспадара не знайшлі, то бяруць як мінімум дваіх панятых і складаюць адпаведны пратакол. Па магчымасці ДАІ робіць фота- або відэаздымку і далучае матэрыялы да справы аб правапарушэнні.
Доступ уладальніка аўтамабіля або прадстаўніка ўласніка да эвакуяванага транспартнага сродку магчымы кругласуткава, але толькі ў прысутнасці ахоўніка стаянкі. Пры гэтым гаспадар павінен аплаціць паслугі стаянкі і эвакуатара. Для атрымання сваёй машыны трэба мець дакументы на яе і правы кіроўцы. Асобам у стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення машыну не вернуць. У выпадку адмовы плаціць за стаянку грошы спаганяюць у судовым парадку.
Аўтамабіль прымусова адбуксоўваюць, калі ён чыніць перашкоды для іншых транспартных сродкаў, руху, працы транспарту аператыўнага прызначэння або дарожна-эксплуатацыйнай, камунальнай службаў. Інспектары ДАІ, прымаючы рашэнне аб эвакуацыі, абавязаныя зрабіць магчымыя захады, каб паведаміць уласніку аўто аб неабходнасці адагнаць машыну самому.
Таксама супрацоўнік ДАІ мае права заблакаваць кола машыны ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам. Блакуецца пярэдняе левае кола. Здымаюць блакіроўку ў прысутнасці гаспадара ці яго прадстаўніка, інфармуе БЕЛТА.