Пацярпелыя пад Бранскам беларускія чыгуначнікі жывыя

Раней пра гэта казаў губернатар Бранскай вобласці, аднак ніякіх доказаў не даваў / pixabay
Раней пра гэта казаў губернатар Бранскай вобласці, аднак ніякіх доказаў не даваў / pixabay

Чыгуначнікі, якія пацярпелі падчас дыверсіі пад Бранскам, жывыя.

Жывыя і ўжо вярнуліся ў Гомель. Крыху пацярпелі, але некрытычна, — кажуць крыніцы Еўрарадыё.

Дыверсія пад Бранскам адбылася 1 мая на 136-м км чыгункі Бранск — Унеча. Беларускі цягнік з нафтапрадуктамі кіраваўся з Гомеля ў Бранск. З рэек сышлі два лакаматывы і сем вагонаў. Затрымаць "партызан" расійскім сілавікам не ўдалося.

Паводле бранскага губернатара Аляксандра Багамаза, пацярпелых у выніку інцыдэнту не было. Аднак ніякіх пацверджанняў таго, што беларускія чыгуначнікі жывыя, праўладныя медыя таксама не прадставілі.

Раней у эфіры Еўрарадыё палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман адзначаў, што нежаданне беларускіх уладаў даваць разгорнутыя каментары па гэтым інцыдэнце кажа пра нежаданне эскалацыі адносін з Украінай.

Мы ведаем, што беларускія ўлады, калі патрэбна, і дакументальныя фільмы могуць зняць. А гэтым разам? Замаўчаць гісторыю было немагчыма, паведамленні з Расіі ўжо пайшлі. Так што беларускі бок павінен быў рэагаваць.

Але як? Хутка паведаміць — а потым перакрыць гэтую тэму іншымі. І вось што мы бачым: прайшло некалькі дзён, а інфармацыі не з'яўляецца. Беларускія ўлады проста хочуць гэтую тэму пераседзець і не ісці на абвастрэнне стасункаў з Украінай, таму што ўцягвацца ў вайну Лукашэнка відавочна не хоча, — мяркуе Фрыдман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі