Пад амністыю могуць трапіць некаторыя асуджаныя па "наркатычным" артыкуле
Будучая амністыя можа закрануць у тым ліку людзей, асуджаных паводле "наркатычнага" 328-га артыкула Крымінальнага кодэкса. Пра гэта агенцтву БЕЛТА заявіў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Кіраўнік МУС не сказаў, якая дакладна колькасць асуджаных трапіць пад амністыю, бо дакладнага падліку ў ведамстве яшчэ не рабілі.
"Хутчэй за ўсё, будзем прапаноўваць амніставаць пэўныя катэгорыі асоб. Гэта воіны-інтэрнацыяналісты, ветэраны войнаў, ваенных канфліктаў, бацькі-адзіночкі, у якіх ёсць непаўналетнія дзеці, інваліды па здароўі, чарнобыльцы і гэтак далей. Магчыма, па некаторых складах злачынстваў будзе прапанавана, вельмі часта пытаюцца пра "наркатычны" артыкул — 328-ы. Мяркую, што можна разгледзець пытанне, і я таксама буду гэта прапаноўваць — скараціць на год адбыццё пакарання некаторым катэгорыям асуджаных па гэтым артыкуле", — прыводзіць БЕЛТА словы міністра.
328-ы артыкул Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў.
Законапраект мяркуецца ўнесці ў Палату прадстаўнікоў бліжэйшым часам, каб яго паспелі разгледзець да Дня Незалежнасці.
Пра амністыю напрыканцы лютага заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам. Ён даручыў падрыхтаваць амністыю да 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.