Падатак на пражыванне турыстаў у гатэлях уводзяць у Турцыі
Турысты, якія прыедуць у Турцыю, булуць плаціць падатак на пражыванне ў гатэлях. Адпаведны закон падпісаў прэзідэнт краіны Рэджэп Таіп Эрдаган, перадае БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны ўрадавы веснік.
Падатак будзе ўводзіцца ў два этапы. З 1 красавіка па 31 снежня 2020 года з турыстаў, якія пражываюць у турэцкіх гатэлях, пансіянатах, матэлях, гасцявых дамах, кемпінгах, шале ды іншых аб'ектах, будуць спаганяць падатак у 1% ад агульнага кошту размяшчэння. З 2021 года падатак складзе 2%. У гатэлях ён будзе афармляцца асобным дакументам.
Ад падатку будуць вызваленыя студэнцкія інтэрнаты, пансіёны і дамы адпачынку для навучэнцаў. Таксама яго не будуць браць з замежных дыпламатаў у Турцыі, іншых асоб, якія маюць дыпламатычны статус, а таксама супрацоўнікаў міжнародных арганізацый пры наяўнасці адпаведнага пагаднення з афіцыйнай Анкарой аб вызваленні ад падаткаў.
Турцыя — другая па папулярнасці сярод беларускіх адпачывальнікаў краіна пасля Егіпта. Летась там адпачывалі больш за 151 тысячу беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.