Падазроны ў забойстве ў Бірулёве супраціўляўся падчас затрымання (відэа)
Архан Зейналаў, падазроны ў рэзанансным забойстве маладога чалавека ў Маскве, быў затрыманы ў аўторак у Каломне, у 120 км ад расійскай сталіцы.
Як інфармуе РІА "Новости", падчас затрымання Архан Зейналаў аказаў супраціўленне. На верталёце пад аховай яго прывезлі ў Маскву, у Галоўнае ўпраўленне МУС Расіі. Цяпер Зейналаў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Следства не сумняецца, што затрыманы з'яўляецца тым чалавекам, які здзейсніў забойства Ягора Шчарбакова, заявіў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі Уладзімір Маркін. Чалавек, які дапамог праваахоўнікам знайсці Зейналава, атрымае 1 мільён расійскіх рублёў (больш за 30 тысяч долараў).
Нагадаем, у чацвер у маскоўскімі раёне Бірулёва невядомы мужчына зарэзаў маладога чалавека, які абараняў сваю дзяўчыну, пасля чаго ўцёк. Твар меркаванага забойцы трапіў у камеры відэаназірання, ён мог быць выхадцам з Каўказа або з Сярэдняй Азіі. Жыхары раёна ў нядзелю сабраліся, каб запатрабаваць хутчэйшага расследавання забойства. "Народны сход" перарос у масавыя беспарадкі. Паліцыя затрымала амаль 400 чалавек. Сёння стала вядома, што ў рэзанансным забойстве паліцыя падазрае азербайджанца Архана Зейналава.
Фота — МУС Расіі