"Украіна мусіць скласці зброю": разбураем міфы прапаганды пра вайну
Якая праўда хаваецца за прапагандай пра вайну ва Украіне? / Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Захад хоча вайны, а Мінск хоча міру. Іх гарматы злыя, нашы — добрыя. Такія ідэі распаўсюджваюць лукашэнкаўская і крамлёўская прапаганда. Пры гэтым сам Лукашэнка не адмаўляе, што з тэрыторыі Беларусі на Украіну ляцелі расійскія ракеты, а сам ён — саюзнік Пуціна. Якую праўду хавае прапаганда за сваімі міфамі? Пра гэта Еўрарадыё запытала аналітыка праекта Media IQ Паўлюка Быкоўскага.
Міф 1: каб скончылася вайна, Украіна мусіць скласці зброю
— Такая пазіцыя не ёсць пазіцыяй справядлівай, бо не Украіна пачынала вайну, яна стала ахвярай агрэсіі, – заўважае Паўлюк Быкоўскі.
Відавочная праўда, тым не менш, абвяргаецца прапагандай. Лукашэнка запрашае Зяленскага і Пуціна за стол перамоваў у Мінску і скардзіцца, што ўкраінцы не пагаджаюцца.
Але праўда ў тым, што саступіць свае тэрыторыі — гэта не мір, гэта пайсці на ўмовы агрэсара. Прэзідэнт Украны неаднаразова заўважаў, што мір наступіць, толькі калі Расія выведзе свае войскі з Украіны.
— Мір павінен быць устойлівым і справядлівым, заснаваным на прынцыпах міжнароднага права і з паважаннем Статута ААН. Мір з тэрытарыяльнымі кампрамісамі немагчымы. Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны павінна быць адноўленая ў межах 1991 года, — казаў Зяленскі.
Міф 2: мы дзейнічаем на карысць міру, яны развязваюць вайну
— Свае ўсё робяць правільна, чужыя — няправільна. Мы не раз сутыкаліся з тым, што нашы гарматы “добрыя”, мы праводзім “добрыя” вучэнні для абароны міру, а вось нашы суседзі робяць зусім наадварот, яны праводзяць вучэнні, каб пагражаць міру, — дадае прыкладаў Паўлюк Быкоўскі.
Тут асабліва хітра маніпулюе сэнсамі беларуская прапаганда. Бо Беларусь фактычна не ўдзельнічае ў вайне ва Украіне, і пра гэта неаднаразова заяўляў Лукашэнка. Але разам з тым ён прызнае, што Беларусь — саюзнік Расіі. Гэта сведчыць пра тое, што наша краіна не захоўвае нейтралітэт і гуляе на полі агрэсара.
— Агрэсію Расіі супраць Украіны яны [дзяржаўныя медыя. — Еўрарадыё] паказваюць як вымушаную. Калі б не яна, то Украіна нібыта б развязала вайну. Памятаеце, была гісторыя — Лукашэнка на мапе паказваў: “Вось адсюль яны рыхтавалі ўдар”. Гэта інверсія: адзін бок абвінавачвае іншы ў намеры свайго апанента зрабіць тое, што гэты бок уласна кажучы і зрабіў. Прэвентыўна даць здачы, хаця ўдара яшчэ не было. І гэта таксама ёсць маніпуляцыя, — тлумачыць медыяаналітык.
Пры гэтым прапаганда хавае, што такая пазіцыя можа мець наступствы для Беларусі.
— Прымяншэнне адказнасці рэальнага агрэсара і ўвогуле нежаданне называць агрэсара агрэсарам перашкаджае ўспрыняць сітуацыю так, як яна мусіць успрымацца — цвяроза і з пункту гледжання беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Беларусь аказалася зусім блізка да сур’ёзнага гарачага рэгіянальнага канфлікту. З беларускай тэрыторіі на пачатку гэтага канфлікту ўжывалася зброя супраць суседняй дзяржавы. На сённяшні момант гэта спынілася, нібыта, але разам з тым Беларусь знаходзіцца ўсё ж-такі не ў нейтральным статусе, а ў статусе саюзніка таго, хто развязаў агрэсію. Ёсць верагоднасць, што ад гэтага будуць дадатковыя наступствы, як палітычныя, так і, магчыма, ваенныя, — кажа Быкоўскі.
Міф 3: Захад накачвае Украіну зброяй і зацягвае вайну
Дэманізаваць краіны Захаду, Еўрасаюз і Амерыку — гэта наогул любімая справа для дзяржпрапаганды і ў Беларусі, і ў Расіі. І гэта зноў перакручаныя факты. Захад сапраўды дапамагае Украіне зброяй, гэтага ніхто не хавае. Але ці ёсць гэта наўмысным зацягваннем вайны або сведчаннем пра тое, што Захад рукамі ўкраінцаў ваюе з Расіяй?
— Вайна ідзе паміж Расіяй і Украінай, а не паміж Расіяй і НАТА, і Захадам. Дапамогу Захад сапраўды падае, але тут жа пытанне трошкі перакручанае, мякка кажучы. Калі дапамога перастане падавацца, то гэта будзе значыць, што краіна, якая развязала агрэсію, будзе мець больш магчымасцяў, каб змагацца з ахвярай агрэсіі, — заўважае Паўлюк Быкоўскі.
Дзяржпрапаганда абыходзіць увагай тое, што краіны Захаду дапамагаюць не толькі зброяй. Ёсць эканамічная падтрымка, санкцыі ў адрас агрэсара, каб выснажыць яго, вядзецца дыпламатычная праца.
— Калі чалавек бярэ толькі адзін аспект, быццам бы спыненне дапамогі ахвяры дае магчымасць дасягнуць гэтай мэты, то гэта не выглядае як рацыянальнае рашэнне. Бо калі агрэсар атрымлівае адну перамогу, то не факт, што ён на гэтым спыніцца і не будзе далей пашыраць сваю агрэсію, — падкрэслівае медыяэксперт.
Датаго ж, дапамога ахвяры канфлікта ў выпадку Украіны не супярэчыць Статуту ААН.
— З пункту гледжання Украіны гэта абарона іх нацыянальных інтарэсаў і тэрытарыяльнай цэласнасці, і гэта з пункту гледжання ААН выглядае як справядлівае дзеянне, і яно дазваляе падтрымку. Агрэсія гэтага не дазваляе, — падсумоўвае Паўлюк Быкоўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.