Пагадненне аб адмене віз між Беларуссю і Ізраілем набудзе моц 26 лістапада
Пра гэта стала вядома пасля сустрэчы кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея і амбасадара Ізраіля Іосіфа Шагала.
27 жніўня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей правёў сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Ізраіля ў Беларусі Іосіфам Шагалам. Сустрэча адбылася ў сувязі са сканчэннем дыпламатычнай місіі ізраільскага дыпламата.
Як паведамляе прэс-служба МЗС, бакі абмяняліся думкамі па шырокім коле пытанняў беларуска-ізраільскага супрацоўніцтва.
Сярод іншага была згаданая і ўзаемная адмена візаў паміж Беларуссю і Ізраілем. Пагадненне было падпісанае ў Мінску 19 верасня 2014 года. Шагал перадаў ноту, што Ізраіль выканаў унутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя гэтае пагадненне набыло моц. Афіцыйны Мінск, нагадаем, апавясціў ізраільскі бок пра выкананне ўнутрыдзяржаўных працэдур у студзені 2015 года.
У адпаведнасці з падпісанымі дакументамі, пагадненне пра адмену віз для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў набывае моц праз 90 дзён з даты атрымання па дыпламатычных каналах апошняга пісьмовага паведамлення пра выкананне неабходных працэдураў. Такім чынам, пагадненне набудзе моц 26 лістапада 2015 года.
Фота: МЗС Беларусі