Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС Украіна падпіша ў пачатку 2014 года

ИТАС-ТАСС са спасылкай на высокапастаўленую дыпламатычную крыніцу паведамляе, што падпісанне пагаднення аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай перанесенае на пачатак 2014 года. Тое, што дакумент не будзе падпісаны цяпер, стала зразумела ўжо некалькі дзён таму, але некаторыя да апошняй хвіліны спадзяваліся, што ўкраінскі прэзідэнт Віктар Януковіч зменіць сваю пазіцыю. “І што цяпер?” — задаецца пытаннем Deutsche Welle. Нямецкае выданне цытуе старшыню камітэта Еўрапарламента па замежных справах Эльмара Брока, які лічыць, што ЕС не зрабіў сваю справу:

“Калі яны (украінцы) эканамічна аб’яднаюцца з Расіяй, то атрымаюць узровень жыцця, як у Расіі, калі далучацца да Еўропы, будуць мець узровень жыцця, як у Прыбалтыйскіх краінах ці Польшчы”.

Віктар Януковіч адмову ад еўраінтэграцыі тлумачыць акурат “складанай эканамічнай сітуацыяй” і “вялікімі пагрозамі”. А таксама нежаданнем Еўрасаюза кампенсаваць страты, якія Украіна можа панесці ў гандлі з Расіяй.

“Вялікія эканамічныя выдаткі ў сувязі са збліжэннем з ЕС у свой час неслі прыбалтыйскія краіны савецкага блоку. Аднак яны не хацелі такіх гіганцкіх кампенсацый у стылі Азарава (прэм’ер-міністр Украіны. заўв. Еўрарадыё), бо стымулам для іх была перспектыва стаць сябрам ЕС. Украіне такога стымулу не давалі”, — піша польская Gazeta Wyborcza.

Увогуле ж еўрапейскія палітыкі падчас віленскага саміту неаднаразова паўтаралі, што дзверы для Украіны ўсё роўна адчыненыя. І намякалі, што пагадненне аб асацыяцыі можа быць падпісана падчас саміту ЕС-Украіна на пачатку наступнага года. Калі Януковіч пагодзіцца, яго краіна пры гэтым можа атрымаць большую фінансавую дапамогу. EUobserver піша:

“Мала хто верыць, што Віктар Януковіч зменіць сваю пазіцыю да выбараў, што адбудуцца ў лютым 2015 года. Бо саступкі ў бок ЕС і верагодная зваротная рэакцыя Расіі зробяць для яго вельмі складаным захаванне ўлады”.

Змену палітычнага курсу ўкраінскай улады шмат хто ўспрымае як дыпламатычнае паражэнне ЕС. Але The Economist глядзіць на сітуацыю інакш і сцвярджае, што Еўрасаюз нават выйграў. Па-першае, у тым, што да канца адстойваў свае дэмакратычныя патрабаванні — якія, між іншым, датычацца вызвалення былога прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі. Па-другое, аптымізм выклікаюць дзесяткі тысяч людзей, якія зараз мёрзнуць на ўкраінскіх вуліцах з патрабаваннямі збліжэння з ЕС.

The Economist: “Гэта значна лепш для ЕС што рэакцыя супраць Януковіча ідзе з кіеўскіх вуліц, а не з Бруселя. Але еўрапейцы ўсё ж яшчэ могуць дапамагчы. Пачнём з таго, што яны мусяць прыняць суровыя меры пакарання, калі супраць пратэстуючых будзе ўжывацца сіла. Забароны на ўезд і замарожаныя рахункі аказаліся эфектыўнай зброяй супраць постсавецкіх клептакратаў”.

А хто выйграў ад саміту, дык гэта Малдова і Грузія, якія парафіравалі дамову аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. У той час як Беларусь, якая, паводле Deutsche Welle, лічыцца найбольш палітычна адсталай краінай Еўропе, па-сапраўднаму ніколі і не ўдзельнічала ва Усходнім партнёрстве. Дый прадстаўляе нашу краіну на саміце не прэзідэнт, якому забаронены ўезд у ЕС, а міністр замежных спраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі