Еўрапейскія дыпламаты разабралі выступ Макея ў Вільні на цытаты?

Праз тыдзень пасля заканчэння саміту Усходняга партнёрства міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт загаварыў, як яго беларускі калега Уладзімір Макей.



“Ключ да поспеху Усходняга партнёрства ляжыць у выяўленні індывідуальных падыходаў да кожнай з шасці камбінацыяў сумесных інтарэсаў ЕС і інтарэсаў асобных краін-партнёраў”, заявіў Уладзімір Макей 30 лістапада ў Вільні.

                                      Уладзімір Макей



“Гэта праграма (Усходняе партнёрства. — заўв. Еўрарадыё) павінна быць больш індывідуальнай”, — працягвае думку Урмас Паэт у эфіры Эстонскага тэлебачання 9 снежня.



І прапаноўвае “распрацаваць канкрэтныя праграмы для кожнай з дзяржаў і зыходзіць з таго, што тыя самі хочуць, да чаго яны гатовыя і куды дайшлі ў сваім унутраным развіцці”.



У Еўрасаюзе пачулі пазіцыю Беларусі, выказаную Макеем? Ці эстонскі міністр лабіруе беларускую пазіцыю ў ЕС?



Галоўны каардынатар праграм па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Фонду Маршала “Германія-ЗША” ў Берліне Ёрг Форбрыг адказвае адмоўна на абодва пытанні.



Ёрг Форбрыг: “Я глыбока ўпэўнены, што гэта не пазіцыя ўсяго Еўрасаюза, але — асабістая пазіцыя міністра. Мы ведаем, што ўрад Беларусі інтэнсіўна стараецца ўплываць на пазіцыі асобных краін ЕС. Але мне падаецца, што да гэтага часу не вельмі паспяхова — палітыка ЕС так і не змянілася. І да гэтага часу ніякіх саступак з боку ЕС не было”.

                                       Ёрг Форбрыг



Паводле слоў суразмоўцы Еўрарадыё, з дапамогай праектаў ініцыятывы Усходняе партнёрства ЕС імкнецца ўплываць на правядзенне і палітычных, і эканамічных, і сацыяльных рэформ у краінах-партнёрах. І ісці на саступкі, прапісваючы ў “індывідуальнай” праграме для Беларусі па яе жаданні, выключна, да прыкладу, эканамічную сферу, ЕС не будзе.



Заўвага Уладзіміра Макея наконт канкрэтных праграм для кожнай краіны даўно не новая — такія самыя пажаданні выказваюць шмат хто з палітыкаў, экспертаў ды грамадскіх актывістаў, не пагаджаецца з Форбрыгам беларускі палітолаг Яўген Прэйгерман.



Яўген Прэйгерман: “Віленскі саміт фактычна зрабіўся правальным і нешта трэба рабіць з гэтай ініцыятывай. Каб была дынаміка развіцця, каб не было дэпрэсіўнага стану. Акурат цяпер — час для новых ідэй. І гэта ідэя пасуе. Для таго, каб была дынаміка па невялікіх пытаннях, крок за крокам збліжацца з грамадствамі краінаў ЕС — іншага шляху проста няма”.

                                    Яўген Прэйгерман



З беларускім калегам згодны ўкраінскі палітолаг, дырэктар цэнтра палітычных даследаванняў "Пента" Уладзімір Фясенка. У дадзеным выпадку ЕС не застаецца нічога іншага, як распрацоўваць індывідуальныя праграмы супрацоўніцтва, зыходзячы з таго, што хочуць самі краіны-партнёры.



Уладзімір Фясенка: “Так, трэба зыходзіць з таго, што Беларусь не імкнецца ў Еўропу, але пры гэтым не варта забывацца пра іншыя формы супрацоўніцтва, якія магчыма развіваць. У тым ліку, і з грамадзянскай супольнасцю. Зразумела, што ў Беларусі гэта ўспрымаецца крытычна, з падазрэннямі. Але я мяркую, што такое супрацоўніцтве трэба працягваць… у неканфліктных формах”.

                                              Уладзімір Фясенка



Ці прыслухаюцца еўрачыноўнікі да беларускага міністра Макея і іншых палітыкаў ды экспертаў наконт “мадэрнізацыі” Усходняга партнёрства?



Уладзімір Фясенка: “Будзе змяняцца склад Еўрапарламенту (выбары ў Еўрапарламент пройдуць вясной 2014 года. — заўв. Еўрарадыё), будзе змяняцца склад Еўракамісіі і гэта можа стаць сур’ёзным імпульсам для абнаўлення палітыкі Усходняга партнёрства. Магчыма, гэты новы фармат палітыкі ці прапановы па абнаўленні палітыкі Усходняга партнёрства будуць абмяркоўвацца на рыжскім саміце Усходняга партнёрства ў 2015 годзе”.



Што ж, практыка паказвае, што афіцыйны Мінск умее чакаць

Фота: Змітра Лукашука, obozrevatel.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі