Па выніках віленскага саміту Малдова і Грузія зальюць Еўропу сваім віном

Старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, каментуючы падпісанне Малдовай і Грузіяй адпаведных дакументаў, найперш звяртаў увагу на “чалавечы фактар” карысці ад гэтага ўчынку.



Жазэ Мануэль Барозу: “Усходняе партнёрства накіравана не толькі на эканамічнае развіццё ці на нейкія абстрактныя канцэпцыі — яно арыентаванае на канкрэтныя перавагі для грамадзян, на зняцце бар’ераў, на тое, каб людзі сустракаліся і мелі зносіны паміж сабой”.



Акурат перад самым пачаткам саміту Еўракамісія прапанавала адмяніць шэнгенскія візы для грамадзян Малдовы. Пакуль для тых, хто мае біяметрычныя пашпарты. Аблегчаны візавы рэжым з ЕС мае і Грузія. Але што апроч гэтага?



Былы прэм’ер-міністр Малдовы Улад Філат раіць не акцэнтавацца найперш на нейкіх матэрыяльных здабытках ад ратыфікацыі пагаднення.



Улад Філат: “Не лічыце, калі ласка, што мы разглядаем гэты працэс (падпісанне дакументаў. — заўв. Еўрарадыё) як выключна матэрыяльную мэту. Мы з’яўляемся еўрапейскай краінай — гістарычна, геаграфічна. Мы з’яўляемся адзінай краінай на еўрапейскай прасторы, з лацінскіх дзяржаў, якая не з’яўляецца сябрам Еўрасаюза!”



Але тым не менш і матэрыяльныя здабыткі малдаване ад працэсу збліжэння з ЕС займелі, “падчэплівае” калегу дзяржаўны міністр па еўраінтэграцыі Грузіі Алексі Петрыяшвілі.


Алексі Петрыяшвілі: “У адносінах да Малдовы ўжо было прынятае рашэнне аб доступе малдаўскай прадукцыі, малдаўскіх він на ўнутраны рынак Еўрапейскага саюза”.


І без дыпламатычнай прыгажосці тлумачыць, якіх выгад чакае Грузія ад падпісаных дакументаў з ЕС.



Алексі Петрыяшвілі: “Гэта азначае — дадатковыя знешнія інвестыцыі ў эканоміку Грузіі, а таксама дадатковыя магчымасці для працаўладкавання грамадзян Грузіі. Гэта (парафіраванне дамовы аб асацыяцыі. — заўв. Еўрарадыё) таксама садзейнічае доступу грузінскай прадукцыі на ўнутраны еўрапейскі рынак без пошлін. Гэта вельмі важна з пункту гледжання развіцця нашай эканомікі і развіцця бізнесу. У Грузіі вельмі зацікаўленыя тым, каб дыверсіфікаваць рынкі і экспартаваць сваю прадукцыю традыцыйную: віно, мінеральныя воды, сельскагаспадарчую прадукцыю на еўрапейскія рынкі. Пасля падпісання гэтага пагаднення мы ўпэўненыя, што прадукцыя з пячаткай “Зроблена ў Грузіі” вельмі хутка трапіць на ўнутраныя рынкі Еўрасаюза”.



Колькі дакладна выйграе Грузія ад, да прыкладу, адмены мытнай пошліны, суразмоўца Еўрарадыё не ўдакладняе. Не можа назваць дакладную лічбу гэтай “мытнай выгоды” для яго краіны і былы прэм’ер-міністр Малдовы Улад Філат. Затое вядома, колькі не атрымае прыбытку на скасаванні мытных пошлін Украіна, адмовіўшыся падпісаць дамову аб асацыяцыі з ЕС, — 450 мільёнаў еўра штогод.



Падчас саміту прэзідэнт Украіны тлумачыў сваю адмову падпісваць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС гарантаванымі шматмільярднымі стратамі для эканомікі краіны. Старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу з гэтым не зусім згодны.



Жазэ Мануэль Барозу: “Наступствы дамовы аб асацыяцыі неабходна разглядаць у эканамічнай перспектыве. І калі глядзець на ўсё так, то можна бачыць, што гэтая дамова будзе спрыяць вялікаму росту ўнутранага валавага прадукту — больш чым на 6%. І гэту лічбу падаюць не нашы эксперты — гэта вынік аналізу незалежных аналітыкаў. А гэта ў выніку паслужыць на карысць украінскаму народу”.



Што губляе Беларусь, адмаўляючыся ад удзелу ў большасці праграм Усходняга партнёрства, расказаў былы прэм’ер-міністр Малдовы Улад Філат у эксклюзіўным каментары Еўрарадыё.



Улад Філат: “Найперш Беларусь губляе час і губляе перспектыву для сваіх грамадзян. Калі ж казаць пра матэрыяльныя страты… Вельмі важна таксама, каб грамадзяне Беларусі атрымлівалі тую дапамогу, якую Еўрасаюз можа даць на інфраструктурныя праекты, і свабоднае перамяшчэнне таксама важна”.



Паводле сведчанняў еўрачыноўнікаў, не далей як восенню 2014 года Малдова і Грузія падпішуць паўнавартаснае пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. А там, выказваюць спадзяванне ў размове з Еўрарадыё і Улад Філат, і Алексі Петрыяшвілі, і да сяброўства ў Еўрасаюзе недалёка.

Фота: Змітра Лукашука, novost.ge, www.svoboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі