У ЕС падрыхтавалі 20 тэзісаў Усходняга партнёрства пасля Вільні

У дакуменце адзначаецца неабходнасць супрацоўнічаць з Кіевам "у шырокім палітычным спектры" і праводзіць палітыку ў адпаведнасці з развіццём падзей ва Украіне, дзе працягваецца крызіс. Ён пачаўся пасля адмовы Кіева падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. Пры гэтым адзін з дыпламатаў паведаміў, што пытанне пра санкцыі супраць украінскіх чыноўнікаў, адказных за разгон дэманстрантаў, у парадак дня пакуль не ўнесены, перадае focus.ua.



Дакумент называецца "20 тэзісаў "Усходняга партнёрства" пасля Вільні" (саміту, які адбыўся ў лістападзе 2013 года).



У дакуменце прапануецца ўсім удзельнікам, акрамя падпісання пагадненняў аб асацыяцыі з ЕС, абмеркаваць так званы "Еўрапейскі пакет". У ім гаворка пойдзе пра свабоду перамяшчэння і візаў, студэнцкія абмены, двухбаковыя праграмы і пашырэнне ўдзелу ў грамадскіх праграмах ЕС.



У праекце таксама рэкамендавана паскорыць падпісанне пагадненняў аб асацыяцыі з Грузіяй і Малдовай і зрабіць гэта не пазней за жнівень 2014 года і падрыхтаваць каардынаваны адказ, калі Расія пачне ціснуць на гэтыя краіны.



Дакумент, які ўжо ўхвалілі Вялікабрытанія і Германія, абмяркуюць міністры замежных спраў краін ЕС. Адпаведнае пасяджэнне пройдзе ў Бруселі ў панядзелак, 10 лютага.



Фота — politikus.ru
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі