Палецкіс заменіць "паляпшэнні" на "некаторыя паляпшэнні"

Як даведалася Еўрарадыё, даклад еўрапарламентарыя Юстаса Палецкіса з рэкамендацыямі ЕС для паляпшэння сітуацыі з Беларуссю атрымае ўдакладненні і дапаўненні.


"Я шмат казаў, што гэта папярэдні тэкст. Я сам планую ўнесці 30-40 паправак і дадаткаў".
 


У інтэрв'ю Еўрарадыё Юстас Палецкіс і раней казаў пра магчымыя змены. Цяпер, верагодна, будзе змененая фармулёўка пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, да якой прычапіліся шмат хто ў Беларусі.


"Я мяркую, што яна будзе змененая і маімі намаганнямі, і намаганнямі маіх калег. Я думаю, мы дадзім лічбы "Вясны", што колькасць рэпрэсій знізілася ў тры з паловай разы. Гэта ёсць у іх на сайце. Нікуды не дзенешся. Але дадзім і адмоўныя факты".
 


Еўрарадыё: Сама фармулёўка будзе гучаць гэтак сама?


"Я думаю, што, можа, будзе "некаторыя паляпшэнні". Будзем удакладняць, так бы мовіць. Я хачу заўважыць, што ўпершыню ў Еўропе будзе не рэакцыя на падзеі ў Беларусі, а магчымасць пагаварыць пра стан і перспектывы адносінаў. У гэтым галоўная задача — выклікаць дыскусію, даведацца меркаванне еўрапарламентарыяў. Тое, што сітуацыя не добрая, усе ведаюць. Але што рабіць? І што, акрамя асуджэнняў сітуацыі, можа быць? Якія могуць быць шляхі, каб палепшыць сітуацыю? І крытыка — гэта заўжды добра".


Дарэчы, кожны жадаючы можа напісаць свае прапановы. Адрас для кароткіх паведамленняў — buras(слімак)paleckis. lt, для больш разгорнутых — justas.paleckis(слімак)europarl .europa.eu


Гэты даклад і яго абмеркаванне дапаможа даведацца шмат новага пра Беларусь у Еўрапарламенце.


"Мае калегі-парламентарыі даведаюцца шмат чаго новага. У маіх праўках я ўнясу шмат што з апытанняў грамадскай думкі і статыстыкі, якая шмат што тлумачыць. Гэтага не ведаюць нават тыя, хто займаецца Беларуссю ў нас у парламенце. Ёсць палітыкі ў Еўропе, якія мяркуюць, што трэба адвярнуцца ад Беларусі. Я лічу, што гэта няправільны падыход. Трэба не памяншаць, а павялічваць увагу".

 

Нагадаем, раней у інтэрв'ю Еўрарадыё Юстас Палецкіс казаў, што галоўная ўмова супрацоўніцтва з Беларуссю — вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных. Даклад па Беларусі моцна раскрытыкавалі. Праваабаронцы прызналі, што летась было менш парушэнняў, чым у 2011 годзе. Але гэта не сведчыць пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі