У Вільні абмяркуюць стратэгіі будучай палітыкі ЕС да Беларусі

Як стала вядома Еўрарадыё, сярод удзельнікаў канферэнцыі — міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, дэпутат Еўрапарламенту Юстас Палецкіс, упаўнаважаная Федэральнага міністэрства замежных спраў Нямеччыны па краінах Усходняй Еўропы, Закаўказзя і Цэнтральнай Азіі амбасадар Анцье Леендэртсэ, дэпутат Бундэстага Марылуіза Бек ды шэраг іншых палітыкаў ды замежных экспертаў.

Беларускі бок будуць прадстаўляць як палітыкі, так і эксперты. Сярод іх — лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні руху “За свабоду!” Юрась Губарэвіч, каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў. А таксама палітолагі Дзяніс Мельянцоў, Яўген Прэйгерман, Андрэй Ягораў.

Паводле праграмы канферэнцыі, запрашэнне было дасланае і міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею ды яго намесніцы Алене Купчыной. Але як стала вядома Еўрарадыё, удзел у гэтым мерапрыемстве у іх “не запланаваны”.



Падчас дыскусій будуць абмяркоўвацца пытанні кшталту: "Беларусь і Еўрасаюз: агульныя чаканні і ідэі", "Паміж Усходам і Захадам: ці рухаецца Беларусь па шляху Усходняга партнёрства?”, "Чаканні і стратэгіі: чаму мы павінны далучыцца да палітыкі далучэння” ды іншыя.


Канферэнцыя ладзіцца роўна за месяц да саміту Усходняга партнёрства, які пройдзе ў Вільні 28-29 лістапада. Узяць у ім удзел запрошаная і Беларусь. Але хто ад нашай краіны паедзе на саміт і ці паедзе ўвогуле, пакуль невядома.



Еўрарадыё будзе сачыць за дыскусіямі на міжнароднай канферэнцыі ў Вільні.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі