Паліне Шарэнда-Панасюк прызначылі чарговую псіхалагічна-псіхіятрычную экспертызу
Паліна Шарэнда-Панасюк
Палітзняволенай Паліне Шарэнда-Панасюк на патрабаванне следства прызначылі чарговую псіхалагічна-псіхіятрычную экспертызу, ужо чацвёртую паводле ліку. Пра гэта пішуць брэсцкія праваабаронцы са спасылкай на мужа Паліны Андрэя Шарэнду. Двойчы яе накіроўвалі на абследаванне ў РНПЦ псіхічнага здароўя і яшчэ адзін агляд ладзілі проста ў СІЗА. Усе ранейшыя абследавання паказалі, што з псіхіятрычнага гледзішча яна цалкам здаровая.
Андрэй Шарэнда таксама расказаў, што яго жонка просіць родных, сяброў і праваабаронцаў дапамагчы ў яе вызваленні. Паводле Паліны, яна сама зрабіла ўсе намаганні для вызвалення і выканала ўсе патрабаванні, якія выстаўляюць палітзняволеным. Цяпер Паліна — у гомельскім СІЗА. Пры гэтым сувязі з сям'ёй у яе няма. Ні ў траўні, ні ў чэрвені родным не ўдалося аформіць ёй перадачы. У СІЗА ім сказалі, што ліміт вычарпаны, бо нехта ўжо перадаў Паліне 30 кілаграмаў морквы сумнеўнай якасці.
Нагадваем, што палітзняволеная павінна была выйсці на волю 21 траўня, але за два дні да гэтага яе перавялі ў СІЗА ў рамках новай крымінальнай справы паводле артыкула 411 КК РБ (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Першапачаткова Паліна Шарэнда-Панасюк была асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі, але ўжо правяла ў зняволенні 4 гады — ёй двойчы падаўжалі тэрмін на год паводле артыкула 411 КК. У Паліны двое няпоўнагадовых дзяцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.