"Палітычныя прызыўнікі" вучаць афіцэраў беларускім камандам і песням

Як служыцца дэмакратычным актывістам, прызваным у войска? Еўрарадыё даведалася пра гэта ў іх саміх ды іхніх блізкіх.
А 6-й раніцы пад'ём, зарадка, потым ідэалагічныя заняткі, на якіх распавядаюць пра патэнцыял беларускага і расійскага войска і пра пагрозу з боку NATO. Потым праца – пераважна гаспадарчая, распавёў Еўрарадыё Зміцер Хведарук.

Да беларускай мовы таварышы ставяцца добра. На курсе маладога байца Хведарук са сваім узводам развучвалі каманды на беларускай мове.

"Паважліва ставяцца. Некаторыя хлопцы з вёскі амаль па-беларуску гавораць, хтосьці проста спрабуе з ветлівасці па-беларуску са мной размаўляць. Усе, хто праходзіць тэрміновую службу, ставяцца да мяне добра, і афіцэры таксама".

Ужо роўна 7 месяцаў, як знаходзіцца ў войску былы лідэр моладзевага крыла партыі БНФ Алесь Каліта. Як даведалася Еўрарадыё ад ягонай жонкі Насты Александровіч, з нагоды свята 23 лютага ў Алесевай частцы сёння выходны, і ён адпачывае.

Цяпер Алесь можа лічыцца "сланом", але, як кажа Наста, у іх падзелу на "духаў" і "дзядоў" няма, і дзедаўшчыны няма таксама.

Паводле словаў Насты, камандаванне кажа, што ён найлепшы салдат.

"Я размаўляла з камандаваннем, і яны выказвалі мне падзяку за тое, што ён узор для ўсіх салдатаў".

Нават не улічваючы тое, што Каліту прызвалі незаконна, служыць ён годна і паказвае прыклад годнага беларускамоўнага хлопца. Не баіцца адстойваць правы свае і іншых салдатаў. Часта выступае за галоўнага, бо самы старэйшы і жанаты. Са сваім ўзводам спяваюць беларускія вайсковыя песні.

Афіцэры ставяцца да Каліты з павагай, і праблем ніколі не было, кажа жонка Алеся Каліты.

Маладафронтавец Іван Шыла служыць цяпер разам з Калітам у 29 ракетна-зенітнай брыгадзе ў Межыцы – яны нават бачацца кожны дзень. Але Іван кажа, што ў службе нічога цікавага няма і 70 адсоткаў часу займае гаспадарчая дзейнасць.

На відэа з прысягі можна пабачыць афіцэра, які падбадзёрвае Івана дзе беларускім словам, а дзе і мацюком.


Але Ўладзімір Шыла, бацька маладафронтаўца, не лічыць, што яго неяк выдзяляюць, ды й у войску гэта кепска.

"Я б не сказаў, што яго нейкім чынам выдзяляюць. Бо ў войску кепска кагосьці выдзяляць. Там ёсць статут, і ўсё павінна адбывацца паводле яго. Але на тым тыдні камандзір брыгады яго выклікаў, пагражаў "дызбатам" за тое што Іван часта ў санчастцы ляжыць. Але ж ён у гэтым не вінаваты".

Пакуль маладафронтаўца Шылу пужаюць "дызбатам", актывісту Моладзі БНФ і былому кіраўніку смаргонскай суполкі Змітру Бяляеву, які служыць у войсках сувязі ў Гродне, прысвоілі чарговае званне малодшага сяржанта. Пра гэта распавяла Еўрарадыё Наста Александровіч.

"Гэта выдатна, што нашыя ў войску служаць так годна. Гэта добра, што ён стаў сяржантам, бо ён зможа камунікаваць з асабістым складам і папулярызаваць беларускую мову і спяваць з дывізіёнам беларускія песні".

Лідэр моладзі БНФ Франак Вячорка зараз знаходзіцца ў вайсковым шпіталі ў Баранавічах, дзе праходзіць курс лячэння выяўленай гіпертаніі. Паводле словаў Франка, пра камісаванне гаворкі не ідзе, але праз 3 месяца ён можа звярнуцца на паўторнае абследаванне.

Бацька Франка Вінцук Вячорка кажа, што з такой хваробай чалавек жыве ўсё жыццё і яна не вылечваецца.

"Яго нейкім чынам лекуюць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, хаця ўсім вядома, што гэтая хвароба не лекуецца. З ёй чалавек жыве ўсё жыццё".

Франак жа цвердзіць, што гэта яшчэ раз паказвае, тое што яго прызвалі незаконна. 26 лютага будзе разгляд касацыйнай скаргі ў суд, каб абскардзіць прызыў Вячоркі. Бацька Франка Вінцук Вячорка кажа, што не будзе маўчаць і будзе падаваць скаргі далей, бо беларуская вайсковая пракуратура пацвердзіла наяўнасць збіцця падчас прызыву.

Вінцук Вячорка размаўляў з камандзірам брыгады і батальёна, якія запэўніваюць, што ставяцца да яго роўна і праблем ніякіх не будзе. Таму Вячорка лічыць, што войска і камандзіры аказаліся крайнімі ў справе з палітычным прызывам.

"Я размаўляў і з усім вайсковым начальствам. Яны запэўніваюць, што ставяцца да яго роўна, па-першае. Па-другое, што з беларускай мовай праблемаў няма і не будзе. І па-трэцяе, калі ёсць праблемы са здароўем, то яны на іх будуць зважаць. Я ўвогуле лічу, што войска і вайсковыя камандзіры ў гэтай справе крайнія".

У самога Франка добрыя стасункі з афіцэрамі і салдатамі. Яны яго падтрымліваюць, а Франак змагаецца за іх правы. Напрыклад, у частцы, куды яго даставілі, працаваў толькі адзін бачок у сарціры. Цяпер бачкі адрамантавалі і паставілі пральную машыну.

У ваенным шпіталі да Франака таксама ставяцца нармальна, але і там праблемы з умовамі. Таму Франак Вячорка збіраецца і надалей падымаць праблемы войска і спрабаваць іх вырашаць.

"У шпіталі, куды я прыехаў. увогуле вэрхал. Адно "ачко", знешне горш за акрэсцінскае, на 50 чалавек. На мой погляд, мая задача, калі я ўжо сюды патрапіў, гаварыць пра тыя праблемы, якія ёсць у войску, і патрабаваць іх вырашэння".

У самой частцы Вячорка-малодшы вучыў афіцэраў і салдатаў беларускім вайсковым камандам.

"Я прывёз з сабой 5 асобнікаў беларускага вайсковага слоўніка. І мы разам з стараслужачымі, салдатамі і афіцэрамі вучылі каманды па-беларуску, часам жартавалі. Хлопцы імкнуцца, ім цікава камунікаваць са мной, а мне цікава ад іх пачуць пра іх праблемы і інтарэсы. Гэта такое ўзаемаўзбагачэнне".


Цяпер у беларускім войску можна пачуць каманды:
"Вітаем спадара палкоўніка" (Здравия желаем, товарищ полковник)
"Шыхтуйся" (Стройся)
"Дружына, на першы-другі - лічы" (Отделение, на первый-второй рассчитайсь)
"Зброю да ладу" (Поправить оружие)
"Направа зважай. Крокам - руш!" (Равнение направо, шагом - марш!)



Фота - nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі