Палітзняволеных супрацоўніц TUT.BY дадалі ў "тэрарыстычны спіс"
Марына Золатава / Еўрарадыё
Галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву і дырэктарку знішчанага медыя Людмілу Чэкіну ўнеслі ў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". Праваабаронцы звярнулі ўвагу, што Камітэт дзяржбяспекі абнавіў спіс, ён павялічыўся на шэсць прозвішчаў. Акрамя супрацоўніц TUT.BY у спіс дадалі былога студэнта Канстанціна Рудніцкага, арганізатара турпаходаў Ігара Галушку, былога выкладчыка радыётэхнічнага каледжа Цімафея Шкуратовіча і "рэйкавага партызана" Віталя Мельніка, якому пры затрыманні прастрэлілі калені.
Усяго ў "спісе тэрарыстаў" ад КДБ цяпер 934 чалавекі, з іх — 189 беларусаў.
Нагадаем, тыдзень таму ў гэты спіс дадалі дзвюх былых журналістак TUT.BY, Алену Талкачову і Вольгу Лойку. Рэдакцыю папулярнага медыя разграмілі ў траўні 2021 года. Частку супрацоўнікаў затрымалі. Лойку выпусцілі ў сакавіку, Талкачову — у ліпені 2022 года, абедзве знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе. Золатава і Чэкіна застаюцца ў зняволенні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.