Памёр экс-трэнер зборнай Беларусі Клаўс Зіберт
24 красавіка на 61-м годзе жыцця памёр былы старшы трэнер жаночай зборнай Беларусі па біятлоне Клаўс Зіберт. Пра гэта паведамляе "Прессбол" са спасылкай на біятланістку Надзею Скардзіну.
"Учора пайшоў з жыцця Клаўс Зіберт! Ён быў нашым супермэнам! (Часам мы так яго называлі.) Ён быў нам і трэнерам, і псіхолагам, і настаўнікам, і сябрам!!! Такім, мусіць, і павінен быць сапраўдны трэнер!!! Можна нават сказаць, што для мяне ён быў біятлонны бацька... Наша каманда была біятлоннай сям'ёй!!!" — напісала Скардзіна ў сацыяльных сетках.
У беларускай зборнай Клаўс Зіберт з'явіўся ў 2008 годзе. Найбольшага поспеху ён дамогся ў стралковай падрыхтоўцы жаночай беларускай каманды. У красавіку 2012-га за значны асабісты ўнёсак у развіццё біятлона ў краіне і падрыхтоўку спартсменаў міжнароднага класа Зіберта ўзнагародзілі ганаровай граматай Савета міністраў.
У красавіку 2014 года Зіберт пакінуў зборную Беларусі. Паведамлялася, што ён змагаецца з анкалагічным захворваннем.