Папа Францішак згадаў Беларусь і памаліўся перад абразом Жыровіцкай Божай Маці
Папа Францішак маліўся перад абразом Маці Божай Жыровіцкай / vaticannews.va
11 студзеня папа Францішак некалькі хвілін правёў у малітве за мір ва Украіне перад копіяй абраза Маці Божай Жыровіцкай. Падчас агульнай аўдыенцыі яна была выстаўленая ў ватыканскай Зале Паўла VI, перадае беларуская рэдакцыя інтэрнэт-парталу Vatican News.
Пры гэтым пантыфік згадаў Беларусь.
"Не будзем забываць пра змучаную Украіну, якая заўсёды ў нашых сэрцах; выкажам гэтаму народу, які перажывае жорсткія пакуты, нашую любоў, нашую блізкасць і нашую малітву.
А зараз я правяду некалькі хвілін у цішыні, молячыся за гэтую дарагую краіну і за мір, перад іконай Багародзіцы народа, якая ўшаноўваецца ў Беларусі. Запрашаю вас духоўна далучыцца да маёй малітвы", — сказаў ён.
Абраз Маці Божай Жыровіцкай беларускія грэка-католікі ўшаноўваюць як Валадарку беларускага народа. Ушаноўваюць гэты абраз і ўкраінскія вернікі. Копія абраза ў выглядзе фрэскі размяшчаецца ў рымскім касцёле святога Сяргея і Вакха, катэдральным саборы Апостальскага экзархата для ўкраінскіх грэка-католікаў у Італіі.
Папярэдні раз папа Францішак казаў пра Беларусь у лістападзе 2021-га, згадваючы пра міграцыйны крызіс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.