Папа Рымскі з вялікай увагай сочыць за падзеямі ў Беларусі
Арцыбіскуп Габар Пінтэр, Апостальскі нунцый у Беларусі, напярэдадні 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Беларуссю атрымаў прыватную аўдыенцыю ў Папы Рымскага Францішка. Пра гэта паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
На сустрэчы прысутнічаў таксама арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут Дзяржаўнага сакратара Апостальскай Сталіцы па агульных пытаннях.
Габар Пінтэр назваў адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам выдатнымі, хаця і ёсць яшчэ "пытанні, якія яшчэ патрабуюць вырашэння".
Падчас сустрэчы абмяркоўваўся таксама магчымы візіт пантыфіка ў Беларусь. У сваім каментары Пінтэр распавёў дэталі: "Мы шмат працуем, каб візіт адбыўся. Хачу папрасіць усіх маліцца ў гэтай інтэнцыі, бо сітуацыя яшчэ не зусім ідэальная, але мы спадзяемся, што хутка гэты момант наступіць. Усе гэтага жадаюць, мы ўсе гэтага жадаем".
Іерарх дадаў, што Папа Рымскі здзівіў яго глыбокім веданнем сітуацыі ў Беларусі.
"Да майго вялікага захаплення, Папа вельмі добра праінфармаваны аб Беларусі. Канешне, я ведаў аб гэтым, бо ўжо ў мінулым годзе мы з ім размаўлялі, пасля майго прызначэння, і я меў магчымасць пераканацца, што ён добра разбіраецца. Але ў гэты раз ён мяне ўразіў тым, што яго веды вельмі падрабязныя і дэтальныя. Ён з вялікай увагай сочыць за падзеямі ў Беларусі", — падзяліўся сваімі ўражаннямі Апостальскі нунцый.