Пасля адстаўкі міністры адукацыі трапляюць у БДУ
Міхаіл Жураўкоў з пасады міністра вяртаецца працаваць у БДУ, цяпер ён ― загадчык кафедры тэарэтычнай і прыкладной механікі. Сваю адстаўку прафесар каментаваць не стаў.
“Працягваю працаваць там жа, дзе і пачынаў. Цяпер загадчык кафедры”, ― каротка адказаў Еўрарадыё былы міністр.
Паглядзім, куды траплялі галоўныя па адукацыі ў краіне раней.
Папярэднік Жураўкова, фізік Сяргей Маскевіч, прабыў на міністэрскай пасадзе чатыры гады, з 2010 да 2014 года. Цяпер ён узначальвае Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя Сахарава, які ўваходзіць у склад БДУ.
Долей за ўсіх на міністэрскай пасадзе пратрымаўся Аляксандр Радзькоў, ён кіраваў адукацыяй сем гадоў, з 2003 да 2010. Пасля адразу трапіў у Адміністрацыю прэзідэнта, але цяпер ён толькі старшыня “Белай Русі”. Адзіны з былых міністраў, хто не трапіў у БДУ.
Гісторык Пётр Брыгадзін, які кіраваў міністэрствам два гады, цяпер ― кіраўнік Дзяржаўнага інстытута ўпраўлення і сацыяльных тэхналогій БДУ.
Сем гадоў міністрам адукацыі прабыў Васіль Стражаў, з 1994 па 2001 год. Пасля гэтага ён быў рэктарам БДУ, а цяпер проста прафесар кафедры тэарэтычнай фізікі і астрафізікі. Чытае лекцыі студэнтам.
Цяперашні міністр Ігар Карпенка раней працаваў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, а яшчэ ён лідар Камуністычнай партыі. У адрозненне ад большасці былых міністраў, Карпенка не прадстаўнік акадэмічнай супольнасці. Але ён паспеў папрацаваць у Педагагічным універсітэце імя Танка, дзе займаўся выхаваўчай працай на пасадзе прарэктара.