Паўла Вінаградава арыштавалі на 15 сутак і аштрафавалі
Суд Маскоўскага раёна сталіцы 12 верасня прызнаў актывіста моладзевай ініцыятывы "Змена" вінаватым у брыдкаслоўі.
Акрамя арышту Вінаградава пакаралі штрафам у паўтара мільёна рублёў за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду і штрафам у 450 тысяч рублёў за распіванне алкагольных напояў у грамадскім месцы.
Паводле сведак-міліцыянтаў Канцавога і Вярбіцкага, Павал нібыта 11 верасня піў піва на стадыёне каля пастарунку. Але, адзначае Радыё "Свабода", вядома, што 11 верасня Вінаградаў цягам дня знаходзіўся ў пастарунку.
Праўда, суддзя Таццяна Матыль ўсё адно прызнала яго вінаватым. Вінаградаў заяўляў адвод суддзі, аднак яна яго адхіліла.
Актывіст прызнаў сябе вінаватым толькі ў парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду: калі да яго прыйшлі з праверкай міліцыянты, ён выйшаў з дому.
11 верасня раніцай Вінаградаў пайшоў у пастарунак, каб адзначыцца згодна з умовамі прэвентыўнага нагляду. Аднак дахаты ён ужо не вярнуўся.
Фота — svaboda.org