Паўлюкевіч: Пасля "наезду" КДБ ствараюцца новыя суполкі

Еўрарадыё: Учора моладзь выходзіла на плошчы сваіх гарадоў, і гэтая акцыя была арганізаваная праз сацыяльныя сеткі. Ці можна рабіць выснову, что ў Беларусі "рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" магчымая?

Паўлюкевіч: “Я ўпэўнены, што ўсё магчыма... Тым больш, калі для гэтага ёсць эканамічныя падставы, як, напрыклад, крызіс... Дарэчы, гэта толькі пачатак”.

Еўрарадыё: Арганізатары такіх суполак неяк каардынуюць паміж сабой дзейнасць?

Паўлюкевіч: “На дадзены момант у нас, у сетцы, ёсць дзве канцэпцыі. Там ёсць людзі, якія рыхтуюць нейкую акцыю на 3 ліпеня, калі будзе "парад незалежнасці". А вось зараз гэтая акцыя пачалася — “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, якая будзе праводзіцца штотыднёва. У сераду людзі на паўгадзіны, на гадзіну будуць а 19-й выходзіць на галоўныя плошчы сваіх гарадоў, без сцягаў, лозунгаў. Людзі гуляюць, размаўляюць... Такім чынам, з кожным разам мусіць быць усё больш і больш людзей...".

Еўрарадыё: Ці не думаеце вы, што наадварот — на акцыі ўлетку будзе прыходзіць усё менш і менш людзей?

Паўлюкевіч: “Улічваючы, што ў краіне цяжкае эканамічнае становішча, у многіх нават не будзе магчымасці з’ехаць у адпачынак кудысьці за мяжу. Трэба працаваць у інфармацыйным плане. Гэта ўжо эфектыўна, я ўчора сам быў на Кастрычніцкай. Я вельмі здзівіўся, што выйшла столькі людзей, гэта ўжо другі раз. Першы раз было зусім мала людзей. Учора было пад 500 чалавек на Кастрычніцкай. Але гэта не толькі ў Мінску адбываецца, гэта праходзіць у Магілёве, Брэсце і іншых гарадах”.

Еўрарадыё: А вы збіраеце працягваць нейкую інфармацыйную актыўнасць, нягледзячы на папярэджанне вас праваахоўнымі органамі?

Паўлюкевіч: “Наезд" на мяне быў канкрэтны. Адміністратары суполкі “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” ўжо недасягальныя для КДБ. Таму яны могуць так дзейнічаць. У мяне зараз няма такой магчымасці, бо яны проста зноў прыедуць і пачнуць мяне прэсаваць. У мяне забралі кампутар, ён застаўся ў іх. Я нічога не гарантую, паглядзім”.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці не прывядзе гэтая доўгатэрміновая акцыя да таго, што на актывістаў сацыяльных сетак пачнуць яшчэ больш ціснуць?

Паўлюкевіч: “Канешне, будуць. Яны зараз гэтым і займаюцца. Я іх папярэджваў, што не трэба рабіць тое, што яны са мной рабілі, бо гэта яшчэ большы імпульс надало — стала стварацца яшчэ больш суполак. Яны зараз усіх напужалі, таму зараз цяжэй будзе вылічаць, хто там арганізатары — усе будуць канспіравацца”.

Фота — nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі