Павел Усаў: Лукашэнка – гэта мы

120522 UsauS.mp3

Еўрарадыё: У вашым артыкуле “Рэжым – гэта мы” вы сцвярджаеце, што рэжым – гэта кожны грамадзянін Беларусі, нават і не згодны з пазіцыяй уладаў, калі нічога не робіць, каб яго зрынуць. Чаму артыкул паўстаў менавіта цяпер? Ці рыхтуе ён нас да чагосьці?


Павел Усаў: Гэта хутчэй намаганне зразумець, што насамрэч адбываецца ў Беларусі і чаму адбываецца, як адбываецца. Чаму рэжым працягвае праводзіць рэпрэсіі, а беларусы прыстасоўваюцца да гэтай сістэмы: часамі падтрымліваюць сітэму, а часамі не звяртаюць увагі ды жывуць сваім жыццём. Калі беларусы ў глыбіні душы жадаюць зменаў, то чаму яны нічога не хочуць рабіць, каб прывесці да гэтых зменаў, каб прынамсі не спрыяць таму, што робіць рэжым. Лукашэнка не прыляцеў з месяца, а з’яўляецца часткай, адбіццём нашага грамадства, і толькі яно можа змяніць сітуацыю ў Беларусі. Але на сённяшні дзень рэжым будуецца не толькі на гвалце, але таксама на абыякавасці, на крывадушшы людзей. Часамі людзі (тыя ж суддзі, міліцыянты) кажуць, што яны ненавідзяць, не любяць Лукашэнку, але робяць усё, каб паказаць, што яны падтрымліваюць яго: збіваюць апазіцыянераў, разганяюць дэманстрацыі, судзяць прадстаўнікоў апазіцыі. Або адбываецца так, што ў свядомасці яны супраць рэжыму, але ў сваёй штодзённай дзейнасці яны гэты рэжым падтрымоўваюць. Гэта і ёсць асноўная праблема.

Еўрарадыё: Мабыць, вы пагодзіцеся, што першая патрэба – гэта жыць. А нешта змяняць – гэта ўжо другаснае. І кожнае грамадства жыве такімі патрэбамі. Дык ці можна знайсці механізмы, каб нешта змяніць?


Павел Усаў: Гэтае пытанне філасофскае. Ці чалавек прыходзіць у гэтае жыццё толькі паесці ды праспаць? Ці аднак прынесці нешта добрае?.. Супрацьстаяць благу, змагацца за справядлівасць, ці проста з гэтым пагадзіцца?.. Кожны сам выбірае свой шлях, якім ён пойдзе далей. Толькі калі ты не хочаш зменаў, не любіш дэмакратыю, то ты не маеш адбіраць у іншых людзей права жыць у свабоднай краіне. Але праблема ў тым, што большасць людзей не тое, што не змагаецца за правы і свабоды грамадзян, а яшчэ больш перашкаджае іншым гэтую свабоду здабываць. Прыклад – сённяшняе судовае паседжанне супраць Івашкевіча, якога абвінавачвалі, што ён заклікае да санкцый, ініцыяванае звычайнымі грамадзянамі. Што перашкаджае людзям прынамсі не ўдзельнічаць у маніпуляцыі, прынамсі, не чытаць газет, у якіх ёсць толькі хлусня. Я кажу і пра журналістаў, якія працуюць у дзяржаўных СМІ. Ніхто ж не прымушае іх пісаць паклёпы ці абвінавачваць у чымсці апазіцыю, але яны свядома гэта робяць.

Еўрарадыё: Але гэтыя людзі таксама жывуць у Беларусі, у іх таксама ёсць свая пазіцыя. Можа кожны з нас мае свае пэўныя каштоўнасці?.. Можа тая ж Марына Цыбліенка, якая выйграла суд супраць Івашкевіча, сапраўды верыць у свае каштоўнасці?..


Павел Усаў: Няма такіх каштоўнасцяў – падманваць людзей ці маніпуляваць свядомасцю. Гэта хутчэй спроба збудаваць сваё ўласнае шчасце за кошт няшчасця іншых людзей. А менавіта так намагаецца дзейнічаць рэжым. Большасць людзей думаюць, што адсядзеўшыся ў сваіх кухнях, яны збудуюць свой светлы свецік, але гэта не так. Калі людзі коштам свабоды хочуць атрымаць каўбасу, то праз некалькі год не будуць мець ні свабоды, ні каўбасы. Сёння рэжым забірае правы і свабоды ў адных людзей, а потым прыходзіць у двары ды будуе там дом за кошт дабрабыту іх жыхароў. Сцінаюць дрэвы, знішчаюць паркі, якія належаць грамадзянам, і не лічыцца з грамадзянамі.  Калі сёння большасць закрывае вочы на барацьбу з рэжымам, то ўлада з кожным чалавекам паасобку можа зрабіць усё, што яна пажадае. Таму, пакуль мы разам усе так ставімся да рэжыму, мы з’яўляемся яго працягам.

Еўрарадыё: Ці ёсць нейкія механізмы, каб вочы адкрыліся ў кожнага? Ці вочы адкрываюцца толькі калі праблемы пагрукаюцца ў кватэру…


Павел Усаў: Механізм ёсць. Ён звязаны з тым, ці жадае чалавек, каб у яго адкрыліся вочы, ці не разумець, не ведаць, што адбываецца ў навакольным свеце.

Еўрарадыё: А калі няма жадання?


Павел Усаў: Калі няма жадання ў беларусаў, то мы асуджаныя на тое, каб жыць пры гэтым рэжыме даволі доўга.

Еўрарадыё: Але Беларусь не ўнікальная. Ці ёсць нейкія пазітыўныя прыклады ў гісторыі, калі атрымалася нешта зрабіць?


Павел Усаў: Гэта Польшча, Літва, Чэхія, Славакія – яны знаходзіліся ў горшых умовах за беларускія…

Еўрарадыё: Але тады былі іншыя вонкавыя чыннікі…


Павел Усаў: Але яны ніяк не паўплывалі на сітуацыю ў Беларусі. Пры наяўнасці нейкіх чыннікаў, але пры адсутнасці волі змагацца за свабоду – тыя не прывядуць да зменаў. Перш за ўсё павінна быць унутраная матывацыя: бачыць, чуць, казаць. Калі гэта будзе ў нашым грамадстве, яно мабілізуецца, і, прынамсі, не будзе служыць рэжыму.

Палітолаг Павел Усаў. Фота: БелСат

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі