Перапынены палёт: колькі Беларусь можа страціць ад "паветраных" санкцый

Еўрасаюз разрывае адносіны з "Белавія" / Еўрарадыё
Еўрасаюз разрывае адносіны з "Белавія" / Еўрарадыё

Краіны Еўрасаюза адна за адной закрываюць сваю паветраную прастору для "Белавія", а еўрапейскія авіякампаніі ўстрымліваюцца ад палётаў над Беларуссю. На гэтым фоне "Белавія", прадчуваючы сур'ёзныя страты, ужо абвясціла пра вымушаныя скарачэнні.

Праз рашэнне пасадзіць самалёт Ryanair у Мінску Беларусь можа страціць мільёны долараў. Еўрарадыё прыблізна ацэньвае гэтыя страты.

 

Палова пасажыраў — транзіт паміж Расіяй і Украінай

Да нядаўняга часу на самалётах "Белавія" можна было паляцець у 44 кірунках. З іх 23 рэйсы — у Еўропу, і яшчэ адзін — у Калінінград, куды трэба ляцець праз тэрыторыю Літвы. Яшчэ чатыры рэйсы выконваліся ва Украіну, якая таксама закрыла сваё неба для "Белавія". Астатнія кірункі: Расія, Грузія, Малдова, ААЭ і Ізраіль.

Прерванный полёт: сколько Беларусь может потерять от “воздушных” санкций
У сацсетках сталі жартаваць, што ў "Белавія" застаўся толькі ўсходні кірунак / Еўрарадыё

Пасля пачатку канфлікту паміж Расіяй і Украінай у 2014 годзе беларускі перавозчык пачаў добра зарабляць на транзіце. Паводле справаздачы "Белавія", у 2015 годзе трансферных пасажыраў было 34,1% ад агульнай колькасці. Да канца 2017 года іх было ўжо 49%. З іх 83% — паток паміж Расіяй і Украінай, якая, нагадаем, сваё неба для "Белавія" закрыла. Транзіт цяпер адмяняецца. І так стратная летась беларуская авіякампанія (-92,08 млн рублёў) праз абмежаванні з боку Украіны страціць каля паловы сваіх пасажыраў.
 

Даўгі і лізінг

У каментары пра будучыя скарачэнні персаналу "Белавія" адзначае, што толькі-толькі пачала аднаўляцца пасля кавіднага 2020 года. На фоне цяперашніх абмежаванняў зарабіць не атрымаецца і сёлета. І гэта пры тым, што доўгатэрміновыя даўгавыя абавязацельствы кампаніі за 2020 год павялічыліся на 12,4% і склалі 204,9 млн рублёў.

Акрамя таго, "Белавія" брала самалёты ў лізінг. Запазычанасць па гэтых плацяжах летась павялічылася на 78,4% і дасягнула 558,8 млн рублёў. Наўрад ці, страціўшы больш за палову пасажырапатоку, авіякампанія зможа заставацца плацежаздольнай без дзярждатацый — нават з улікам абвешчанай аптымізацыі выдаткаў.

 

Назад у 2020-ы

Прерванный полёт: сколько Беларусь может потерять от “воздушных” санкций
28% паветраных суднаў над Беларуссю — еўрапейскія / tc.by

Моцна пацерпіць і "Белаэранавігацыя" — арганізацыя, якая каардынуе палёты ў беларускай паветранай прасторы. У 2019 годзе дыспетчары кампаніі абслужылі 325 тысяч самалётаў. Праз выгаднае геаграфічнае становішча да COVID-19 Беларусь магла зарабляць на гэтым $50-70 млн у год, лічыць гендырэктар кансалтынгавай кампаніі Friendly Avia Support Аляксандр Ланецкі. У 2020 жа годзе заробкі значна знізіліся. У асобныя месяцы загружанасць "Белаэранавігацыі" падала да 80%.

Магчыма, гэта ж чакае арганізацыю ў найбліжэйшыя месяцы. Але за кошт першых пяці "хлебных" месяцаў 2021-га "Белаэранавігацыя" па выніках года, мабыць, усё ж будзе выглядаць лепш, чым у 2020-м.

Да скандалу Мінскі цэнтр кіравання паветраным рухам абслугоўваў 980 кампаній са 100 краін свету. 83% — транзітны паток. Яшчэ 17% — рэйсы з пасадкамі ў Беларусі. З агульнага аб'ёму кампаній расійскіх (гэта значыць тых, якія застануцца ў кожным разе) было ўсяго 30%.

Па звестках ЕАЭС, асноўныя карыстальнікі паветранай прасторы Беларусі — расійскія авіякампаніі (38%) і еўрапейскія (28%). Доля Беларусі складае 11% ад агульнай колькасці карыстальнікаў паветранай прасторы, а краін СНД — 4%. Яшчэ 19% — іншыя дзяржавы.

На думку Аляксандра Ланецкага, уся авіяцыйная галіна прыносіла Беларусі 2-3% ВУП. Калі лічыць па ВУП 2020 года — гэта 2,9–4,4 млрд рублёў.

 

А калі і грузаперавозкі туды ж?

Прерванный полёт: сколько Беларусь может потерять от “воздушных” санкций
Грузавы самалёт "Трансавіяэкспарт" / фота МНС

Акрамя "Белавія" і "Белаэранавігацыі", у Беларусі ёсць кампаніі, якія займаюцца авіяперавозкамі грузаў. Гэта "РубіСтар", Rada Airlines, "Генекс" і "Трансавіяэкспарт". Згодна з аглядам рынку транспартна-лагістычных паслуг Беларусі, выручка ад грузаперавозак паветраным транспартам склала 918,2 млн рублёў у 2019 годзе, а выдаткі — 767,2 млн рублёў. Калі еўрапейскія санкцыі будуць ужытыя і да транспартных авіякампаній, то Беларусь страціць частку гэтых грошай.

Як адзначае ваенны эксперт Ягор Лебядок, усе чацвёра перавозчыкаў лятаюць над Еўропай. Паводле звестак эксперта, яны перавозяць як беларускія, так і замежныя грузы, у тым ліку зброю.

— Забарона дзейнасці гэтай і іншых кампаній у Еўропе не будзе сур'ёзным непасрэдным ударам па фінансах Беларусі, хоць сур'ёзна адаб'ецца на саміх авіяперавозчыках. Але, улічваючы спецыфіку дастаўляных грузаў, ад забароны палётаў названых кампаній над ЕС, Вялікабрытаніяй і Украінай могуць быць сур'ёзныя выдаткі па іншых аспектах знешняга гандлю і палітычных дамоўленасцяў, — піша Ягор Лебядок.

Анастасія Дагаева, авіяцыйны аглядальнік, аўтар маскоўскага цэнтра Карнегі, таксама лічыць, што беларуская авіягаліна моцна пацерпіць ад уведзеных абмежаванняў. У той жа час пакутуюць і еўрапейцы, павялічваючы кошт і час сваіх палётаў праз абыход беларускай паветранай прасторы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі